Фрагмент былой сядзібы ў прадмесці Аўгустова

Сядзіба ў Аўгустове была заснавана як рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага па рашэнню Антонія Тызенгаўза. Пабудавана на зямлі Гродзенскай эканоміі па праекце архітэктара Дж Сака да 1782 года. У першапачатковым выглядзе рэзідэнцыя складалася з сядзібнага дома, двух флігеляў, трох гаспадарчых будынкаў. Усе пабудовы былі мураваныя. Планіровачнае вырашэнне сядзібы ў Аўгустове было падобнае да другой рэзідэнцыі караля ў Станіславове. Палац быў невялікі, цэнтральны аб’ём двухпавярховы, бакавыя — аднапавярховыя, накрыты высокім чарапічным дахам. Флігелі былі аднапавярховыя невялікіх аб’ёмаў. Паводле гісторыка Р. Афтаназы, у 1794 годзе ў комплексе сядзібы была пабудавана мураваная карчма. Не выключна, што карчма пры дарозе існавала і раней, у канцы XVIII ст. была перабудавана. Пасля 1795 года імператрыца Кацярына II падарыла палац у Аўгустове прадстаўнікам вядомага ірландска-французскага роду Маўрыцыо О’Браен-дэ-Ласі за заслугі ў руска-турэцкай вайне.

Архітэктурная і гістарычная каштоўнасць сядзібы была адзначана яшчэ ў пачатку XX ст. У 1912—1914 гадах архітэктар М. Баэр распрацаваў праект рэстаўрацыі жылых сядзібных пабудоў. Аднак рэалізаваць праект перашкодзіла Першая сусветная вайна. У час ваенных дзеянняў у 1920 годзе будынкі сядзібы былі пашкоджаны. Па ініцыятыве Ю. Ядкоўскага ў 1927 годзе сядзіба ў Аўгустове была аб’яўлена помнікам гісторыі і прыняты меры для яе рэстаўрацыі. На гэты раз аднаўленню сядзібы перашкодзіла Другая сусветная вайна. У пасляваенны час сядзібны комплекс канчаткова прыйшоў у заняпад. Да сённяшняга дня захаваўся фрагментарна: карчма, капліцы, сляды парку

Па знешняму адрысу капліца прамавугольная ў плане, унутры — ратондападобная. Завяршалася купалам з барабанам і сігнатуркай. Уваход аформлены двухкалонным порцікам, заглыбленым у нішу.Над дзвярамі пад карнізам, а над вокнамі былі размешчаны прадаўгаватыя прамавугольныя таблічкі цёмнага колеру, на якіх пазалочанымі літарамі былі зроблены, хутчэй за ёсе, фундацыйныя надпісы.

Капліца ў сядзібе Аўгустова з’яўляецца унікальным помнікам архітэктуры эпохі класіцызму, аналагаў якому на Гродзеншчыне не выяўлена.

Адрас: г. Гродна, вул. Рэпіна, 5а.

Бібліяграфія:

1. Словік, С. Лета ў шляхецкіх сядзібах Беларусі перад пачаткам ІІ-й сусветнай вайны Сядзібы і паркі Гродзеншчыны / С. У. Словік. — Гродна, 2004. — Вып. ІІ. — С.41—47.

2. Словік, С. Няма таго, што раньш было? / С. У. Словік // Гродзенская праўда. — 2007. — 29 сак. — C. 4.

3. Трусаў, I. Вулiца Рэпiна (Аўгустова) [у Гродна] // Страчаная спадчына / Ігар Трусаў // Биржа информ. (Гродно). — 1998. — 29 окт. — С. 4.

4. Шлавенец, Т. Имение короля / Т. Шлавенец // Вечерний Гродно. — 2006. — 31 мая. —C. 5.

5. Швед, В. Летняя рэзідэнцыя караля [Станіслава Аўгуста Панятоўскага] / В. Швед // Гродзенская праўда. — 2011. — 21 снеж. — C. 8.

6. Фрагменты былой сядзібы ў прадмесці Аўгустава [ў Гродна] // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. : В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск, 2009. — C. 320—321.

7. Трусов, И. Августово : Королевская резиденция в спальном районе на улице Репина / Игорь Трусов // Вечерний Гродно. — 2009. — 1 июля. — С. 30.

8. Гродзенскі Аўгустоўскі палац // Архітэктура Беларусі. — Мінск : Бел, 1982. — С. 73.

9. Рэпіна // Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы / А. Вашкевіч і інш. — Гародня-Wroclaw : Гарадзенская бібліятэка, 2012. — С. 278—280.

wwe wwe wwe