Іўеўская мячэць

Іўеўская мячэць — помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1884 годзе для ўсіх іўеўскіх мусульманскіх вернікаў на сродкі тагачаснай уладальніцы мястэчка Эльвіры Аўгустаўны Замойскай. Гэта была яе ўзнагарода татарам за іх сумленнасць, паслушэнства і выдатнае рамесніцтва. Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай прыбудовай-міхрабам (невялікая апсіда), накрыты шатровым дахам, у цэнтры якога 8-гранны мінарэт, абнесены балконам і завершаны высокім шпілем. Спачатку святыня стаяла без мінарэта. У 1922 годзе іўеўскія татары, якія эмігравалі ў Амерыку, прыслалі паўтысячы долараў, за якія і была зроблена надбудова.

Інтэр’ер сучаснай мячэці даволі просты і сціплы. У сярэдзіне сцены і столь абшытыя фанерай і пафарбаваныя ў блакітны колер. На сценах – у рамках пад шклом − размешчаны тэксты Карана, вышытыя парчовай ніццю. Вісяць мухіры, намаляваныя акварэллю мясцовым мастаком Сулейманам Якаўлевічам Рафаловічам. Унутраная прастора мячэці падзелена на мужчынскую і жаночую палавіны з асобнымі ўваходамі з боку галоўнага фасада. Лічыцца, што такім чынам лягчэй засяродзіцца на думках пра Алаха, а прысутнасць асобы другога полу можа толькі адцягваць увагу. Моладзь у мячэці таксама моліцца асобна. Для яе абсталявана месца справа ад уваходу пад галерэяй з балкончыкам. Моляцца вернікі седзячы на падлозе, перадаючы адзін аднаму Каран, які – на арабскай мове. Твары ўсіх накіраваны да Меккі, дзе знаходзіцца свяшчэнны дом мусульман – Кааба . Сваёй святыняй татары ганарацца, вераць, што сам Алах абараняе іх храм. Расказваюць, што ў 1935 годзе , у час пажару, калі ўсё вакол шугала агнём, мячэць засталася некранутай. Пры вызваленні Іўя ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года мястэчка было падвергнута артылерыйскаму абстрэлу. Але снарады мінулі гэты будынак.

Трэба заўважыць, што Іўеўская мячэць за ўвесь час свайго існавання з моманту будаўніцтва і па сённяшні дзень не спыняла сваёй дзейнасці. Пэўны перыяд яна нават была адзінай дзеючай культавай пабудовай для ўсіх мусульман Беларусі. Іўеўскія татары і зараз вельмі шануюць і даглядаюць сваю мячэць, дзе звычайна па пятніцах здзяйсняюць намаз (абавязковую кананічную малітву ў мячэці). Перад пятнічным намазам яны ўзгадваюць імёны літоўскага князя Вітаўта, па запрашэнню якога прыбылі ў Мураўшчызну (зараз у складзе Іўя) больш за шэсць стагоддзяў назад першыя татарскія пасяленцы, а таксама імя Эльвіры Замойскай. Мячэць дапамагае татарам зберагчы сваю веру, перадаць нацыянальныя традыцыі, абрады, культуру будучым пакаленням. Яна шырока вядома не толькі сярод мусульман Беларусі, але далёка за яе межамі. Яе наведвалі мусульмане Лівіі і Марока, пра што нагадваюць пакінутыя гасцямі ў падарунак прыгожыя дываны з выявамі знакамітых усходніх мячэцей.

Будынак мячэці ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Бібліяграфія:

1. Багласаў, С. Г. Мячэць / С. Г. Багласаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ; рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. – Мн.,1986. – С. 198.

2. Гарбачэўская, Ж. А. Іўеўскія татары: гістарычны лёс народа і культуры / Ж. А. Гарбачэўская // Іўеўская зямля − сузор'е народаў, рэлігій і культур : матэрыялы рэгіян. навук.-практ. канф., г. Іўе, 15 чэрв. 2012 г. / [пад рэд. А. К. Гецэвіча] ; М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь, Установа адукацыі "Гродз. дзярж. ун-т імя Я. Купалы". − Гродна, 2013. – С. 18−22.Са зместу: [Мячэць ў Іўі]. С. 21−22.

3. Грыбаў, М. Мячэць у Іўі / М. Грыбаў // Іўеўскі край. – 2002. – 25 мая. – С. 2−3.

4. Ивьевская мечеть // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 306.

5. Ивьевское Понеманье // Туристическая мозаика Беларуси / А. И. Локотко [и др.]. – Минск, 2011. – С. 394−399. Из содерж.: [Ивьевская мечеть]. С. 396.

6. Казакова, І. В. Іўе / І. В. Казакова // Казакова І. В. Каменны пояс Беларусі. – Мінск, 2009. – С. 93−95.

7. Мячэць у Іўі // Памяць. Іўеўскі раён : гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г, К. Кісялёў [і інш.]. – Мінск, 2002. – С. 383−386.

8. Сергачёв, С. А. Ивьевская мечеть / С. А. Сергачёв // Регионы Беларуси: энцикл. : в 7 т. / редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2014. – Т. 4, кн. 1. – С. 371.

9. Сергачоў, С. А. Іўеўская мячэць / С. А. Сергачоў // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. М. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 229.

10. Сергачоў, С. А. Іўеўская мячэць / С. А. Сергачоў // Культура Беларусі : энцыкл. : у 6 т. / рэдкал.: У. Ю. Аляксандраў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2013. – Т. 4. – С. 224.

11. Татаринов, Ю. Мечеть в Ивье / Ю. Татаринов // Города Беларуси. Гродненщина / Ю. Татаринов. – Минск, 2009. – С. 79−89.

12. Татары // Іўе: гісторыя, падзеі, людзі / адк. за вып. С. А. Мірончык. − Гродна, 2012. – С. 32−35. Са зместу: [Мячэць ў Іўі]. С. 33−34.

13. Шумская, И. Мечеть в Ивье / И. Шумская // Шедевры нашей старины / И. Шумская ; под общ. ред. А. Е. Тараса. − Минск, 2014. − С. 199−200.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe