Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр

Помнік архітэктуры XVII-XIX ст., спалучае рысы барока, ракако, класіцызму.

Мужчынскі праваслаўны манастыр. Упершыню згадваецца ў 1587 г. Спачатку быў драўляны, згарэў у 1655 г. У 1672-1825 гг. пабудаваны мураваны, быў манастыром базыльян.

Уключае: Свята-Успенскі сабор, Багаяўленскую і Крыжаўзвіжанскую цэрквы, званіцу, семінарыю, жылы корпус, гаспадарчы корпус, пладовы сад, агарод.

Свята-Успенскі сабор. Пабудаваны ў 1629-1680 гг. у стылі барока як галоўны храм манастыра базыльян. Мураваная трохнефавая крыжова-купальная базіліка (даўжыня больш за 55 м, вышыня каля 40 м) з паўкруглай алтарнай апсідай. Пасля рэканструкцыі 1828 г. сабор набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала. Інтэр’ер сабора захаваў барочны характар. Манументальная конха цэнтральнага нефа прарэзана люнетамі і запоўнена фрэскай “Спас Пантакратар”.

Галоўны дэкаратыўны элемент інтэр’ера – драўляны разны трох’ярусны іканастас 18 ст. Бакавыя двух’ярусныя алтары больш позняй работы (XIX ст.).

Багаяўленская царква. Помнік архітэктуры позняга барока. Пабудавана ў 1769 г. Прамавугольны ў плане аднанефавы аб’ём царквы накрыты двухсхільным дахам з драўляным барабанам і купалам у сярэдняй частцы. Галоўны фасад аздоблены пучкамі паўкалон і фігурным франтонам з валютамі і закрывае бакавыя сцены царквы.

Крыжаўзвіжанская царква. Помнік архітэктуры ракако другой паловы XVIII ст., пабудавана ў 1769 г. Мураваны аднанефавы храм-кальварыя прысвечаны пашыранаму ў 18 ст. абраду, які імітаваў паломніцтва ў Іерусалім. Унутры царквы ўсходы займаюць палову будынка і маюць ілюзорны жывапісны працяг на алтарнай сцяне. Трох’ярусны галоўны паўночна-заходні фасад.

Званіца. Квадратная ў плане двух’ярусная пабудова, звязаная з саборам адзінай планіровачнай воссю. Завяршаецца паўсферычным купалам па аналогіі з саборам.

Семінарыя. Помнік архітэктуры барока XVII-XVIIІ ст. Пабудавана пры Жыровіцкім манастыры. Мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Трохпавярховы Н-падобны ў плане мураваны будынак накрыты мансардавым дахам. Цэнтр галоўнага фасада вылучаны фігурным франтонам. Планіроўка калідорна-галерэйная.

Помнік 1 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Адрас: Гродзенская вобласць, Слонімскі раён, в. Жыровічы.

Бібліяграфія:

Жыровіцкі манастыр базыл’ян // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: ў 5 т. – Мінск,1987. – Т. 2. – С. 464.

Жыровіцкі Успенскі манастыр // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Слонімскага раёна. / [рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 676–678.

Ансамбль Свята-Успенскага манастыра // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 419–422.

Жировичский Свято-Успенский монастырь // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 301–302.

Жыровіцкі манастыр бызыльян // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А.А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 214–216.

Кулагін, А. М. Свята-Успенскі стаўрапігіянальны мужчынскі манастыр / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2007. – С. 162–166.

Жировичский Свято-Успенский мужской монастырь // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 202.

Веселуха, Е. Жировичи. Белорусская лавра / Екатерина Веселуха // Гродзенская праўда. – 2018. – 7 сак. – С. 8–9.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe