Кафедральны касцёл святога Францішка Ксаверыя
Кафедральны касцёл святога Францішка Ксаверыя — каталіцкі сабор у горадзе Гродна, кафедральны сабор Гродзенскай дыяцэзіі, помнік архітэктуры і дэкаратыўна-манументальнага мастацтва барока і ракако.
Будаўніцтва езуіцкай рэзідэнцыі пачалося пасля 1664 года пры гродзенскім пробашчы Ф. Д. Ісакоўскім, мураванага касцёла – у 1678 годзе. Кіраваў будаўніцтвам і часткова яго фінансаваў на працягу дзесяці гадоў ксёндз Іеранім Дзевалтоўскі. 21 чэрвеня 1678 г. епіскап Мікола Слупскі асвяціў першы камень новага мураванага касцёла ў імя св. Францішка Ксаверыя (фундатары — Самуэль і Канстанцыя Лозы). У 1683 г. былі скончаны работы на ўнутраных фундаментах і перакрыцці скляпенняў. Да вясны 1700 г. будынак быў гатовы настолькі, што ў ім адбылася першая імша. У 1702 г. былі збудаваны купалы на вежах, атынкаваны сцены ўнутры касцёла, пастаўлены лаўкі.
6 снежня 1705 г. хелмінскі епіскап Тэадор Патоцкі асвяціў касцёл ў пысутнаці караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II і расійскага цара Пятра I. У 1725 годзе на вежу-званіцу касцёла ўладкаваны маятнікавы гадзіннік (помнік тэхнікі сярэднявечча), які выконваў ролю гарадскога. Вежавы гадзіннік фарнага касцёла — адзін з самых старажытных гадзінікаў, што захаваліся і функцыянуюць на прасторы былога СССР.
Кляштар быў скасаваны ў 1773 годзе, таму касцёл ужо ў 1788 годзе стаў фарным (прыходскім).
Размешчаны ў гістарычным цэнтры горада, будынак кафедральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя з'яўляецца адным з сімвалаў Гродна. Касцёл уяўляе сабой трохнефавую купальную базіліку з трансептам, вышыня — 53, 6 м, памеры — 30х60. Па баках паўцыркульнай апсіды далучаны дзве купальныя капліцы: св. Міхала і Маці Божай Студэнцкай. У першым ярусе вежаў у арачных нішах устаноўлены скульптурныя выявы апосталаў Пятра і Паўла, св. Ксаверыя (скульптар Георгій Гіс, 1768 г.). Характэрную для езуітаў свецкасць храму надае аркестравы балкон у цэнтры фасада, над уваходным парталам. Перад уваходам у пачатку XX ст. пабудавана шырокая двухмаршавая лесвіца з пастаўленай на яе парапет скульптурай Хрыста з крыжам.
У 1744 г. для галоўнага ўвахода каваль Я. Бірша зрабіў каваныя дзверы. У сярэдзіне XVIII ст. былі перабудаваны вежы і ліхтар над цэнтральным купалам. Вежы набылі складаныя барочныя формы. Таксама ў стылі барока была зменена і архітэктура фасада ў цэлым — трох'ярусны двухвежавы фасад. Фасад акрамя таго быў аздаблены прамавугольнымі і арачнымі нішамі і праёмамі са скульптурай.
Высокамастацкі ансамбль інтэр’ера фарміруюць трынаццаць алтароў (дванаццаць драўляных, адзін стукавы), дзве чыгунныя жырандолі (ліццё XVIII ст.), чатыры драўляныя спавядальні, упрыгожаныя інтарсіяй, разьбой па дрэве і скульптурай, амбон, помнік А. Тызенгаўзу (1896 г.), драўляная лава XVII ст., арган, куплены ў Крулеўцы ў 1744 г.
Дамінантай дэкаратыўна-мастацкага ансамбля інтэр’ера з’яўляецца галоўны алтар, зроблены ў 1736 – 1737 гг. “у майстэрстве разьбы обер-майстрам” Янам Шмітам з горада Рашэля і шасцю падмайстрамі і навучэнцамі. У алтары — абраз Маці Божай Студэнцкай, названы Кангрэгацкай (апякункі студэнтаў), копія абраза з базілікі Санта Марыя Маджорэ ў Рыме ў шырокай сярэбранай раме ў стылі ракако, выкананай у 1761 г. гданьскім злотнікам Хрысціянам ван Гаўсенам.
Фрэскавы жывапіс складаецца з чатырнаццаці сюжэтных кампазіцый з жыцця св. Францішка Ксаверыя, размешчаных над аркатурай цэнтральнага нефа (аўтар фрэсак пакінуў сваю манаграму і дату — 1752 г.). У гэтай жа тэхніцы выкананы выявы чатырох евангелістаў, размешчаныя на ветразях.
Рамонты касцёла (пакрыццё даху, пабелка) праводзіліся ў канцы XVIII, сярэдзіне і канцы XIX, пачатку XX ст. Пад час пажару 1885 г. касцёл амаль не быў пашкоджаны. Ён быў выратаваны, дзякуючы мясцовым мулярам, якія хутка замуравалі ўсе яго праёмы.
У 1960 – 1980 гг. у касцёле не адбываліся службы, а за самім храмам даглядалі веруючыя. У 1988 г. намаганнямі кс. Т. Кандрусевіча было адноўлена нармальнае рэлігійнае жыццё ў касцёле. 15 снежня 1990 г. Папа Рымскі Ян Павел II надаў касцёлу тытул базілікі меншай, а 13 красавіка 1991 г., калі была створана гроденская дыяцэзія, ён стаў кафедральным.
Адрас: Беларусь, г. Гродна, пл. Савецкая, 4.
Рэжым працы: пн - сб: 7:00 - 19:00; вск: 7:30 - 21:00.
Бібліяграфія:
1. [Ансамбль былога кляштара езуітаў: касцёл] // Дзяржаўны спіс гісторыка культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 324–326.
2. Гончарук, В. В. История городских башенных часов: часы Фарного костела в Гродно / В. В. Гончарук // Гродна і гродзенцы: дзевяць стагоддзяў гісторыі: матэрыялы Міжнар. навук. канф., 10–11 крас. 2008 г. / навук. рэд. И. П. Крэнь. – Гродна, 2008. – С. 154—158.
3. Гродзенскi кафедральны касцёл Святога Францыска Ксаверыя / аўт. тэксту: А. А. Ярашэвiч, В. Дз. Бажэнава. – Мінск: Беларусь, 2005. – 72 с.
4. Гродненский костёл святого Франциска Ксаверия и монастырь иезуитов // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 291–292.
5. Гродненский костел Франциска Ксаверия и монастырь иезуитов // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 159.
6. Кулагін, А. М. Касцёл святога Францыска Ксаверыя і кляштар езуітаў / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі: энцыкл. давед. / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 108—111.
7. Лучко, А. Гродзенскі Фарны касцёл: гісторыя і сучаснасць / А. Лучко // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт. / Гродзен. дзярж. ун-т імя Я. Купалы. – Гродна, 2008. – С. 473–476.
8. Мілінкевіч, А. У. Гродзенскі кляштар езуітаў / А. У. Мілінкевіч, Е. Пашэнда // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1997. – Т. 5. – С. 433–434.
9. Мілінкевіч, А. У. Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў / А. У. Мілінкевіч, Е. Пашэнда // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / рэдкал.: А. М. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 176–178.
10. Савецкая плошча № 4 — Касцёл святога Францыска Ксаверыя і былы кляштар езуітаў // Біяграфія гарадзенскіх вуліц: ад Фартоў да Каложы / аўт.: А. Вашкевіч [і інш.]. – Гародня – Вроцлаў, 2012. – С. 309–314.
11. Стрелец, М. Костёл в Беларуси: трудный путь к возрождению / М. Стрелец // Веснiк ГрДУ iмя Я.Купалы. Сер. 1. – 2007. – № 2. – C.131–133.