Касцёл Увазнясення Святога Крыжа

Пабудаваны з цэглы на ўсходняй ускраіне вёскі па загадзе польскага караля Жыгімонта І, магчыма, паводле праекта віленскага архітэктара І. К. Глаўбіца на месцы драўлянага храма 1523 г. Помнік архітэктуры позняга барока і ракако.

Аднанефавы будынак з двухвежавым галоўным фасадам і пяціграннай апсідай. Неф і апсіда накрыты агульным дахам. З паўночнага боку да апсіды прылягае нізкая сакрысція. Вежы трох’ярусныя (завяршэнні зроблены ў 1926 г.). Ніжні ярус на галоўным фасадзе вылучаны вязкамі пілястраў, сярэдні і верхні скразныя, прарэзаны з чатырох бакоў паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, вуглы ярусаў скошаны і апрацаваны пілястрамі. Бакавыя плоскасці ніжняга яруса маюць нішы, якія паўтараюць абрысы паўцыркульных аконных праёмаў. Лучковы праём галоўнага ўвахода аздоблены трохвугольным франтонам. Сцены касцёла расчлянёны падвойнымі пілястрамі. Па перыметры будынка – шырокі ступеньчаты карніз.

У інтэр’еры зальная частка перакрыта цыліндрычнымі з распалубкамі скляпеннем, апсіда – паўсферычным, сакрысція – крыжовым. Хоры крывалінейныя ў плане, агароджа апрацавана фігурнымі філёнгамі. Фрэскавы роспіс у выглядзе расліннага арнамента, падлога выкладзена керамічнай пліткай.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 71 ад 28.02.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Астравецкі раён, в. Быстрыца.

Бібліяграфія:

1. Быстрицкий костёл Воздвижения Святого Креста // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 78.

2. Быстрицкий костёл Воздвижения Святого Креста // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 280.

3. Быстрыцкі крыжаўзвіжанскі касцёл // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 96–97.

4. Быстрыцкі крыжаўзвіжанскі касцёл // Беларуская энцыклапедыя: ў 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1996. − Т. 3. – С. 374.

5. Касцёл Увазнясення св. Крыжа ў в. Быстрыца // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Астравецкага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 472−473.

6. Касцёл Увазнясення Святога Крыжа // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 331.

7. Крыжаўзвіжанскі касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 86.

8. Кулагін, А. М. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 43–44.

wwe wwe wwe wwe wwe