Касцёл Адшукання Святога Крыжа

Пабудаваны ў 1789 г. з дрэва ў цэнтры вёскі Каралінай Радзівіл паводле праекта Я. Падчашынскага на месцы спаленага храма 1664 г. Помнік архітэктуры класіцызму. Ад сялянскай забудовы адасоблены прамавугольным скверам і бутавай агароджай.

Прамавугольны ў плане будынак з трансептам і пяціграннай алтарнай часткай. Асноўны аб’ём і крылы трансепта накрыты двухсхільнымі дахамі з франтонамі на тарцах. Галоўны заходні фасад, цэнтральная частка якога аформлена дзвюма мураванымі калонамі, завершаны франтонам з васьміграннай вежачкай. Сцены вертыкальна ашаляваны, расчлянёны пілястрамі і завершаны развітым антаблементам. Вокны паўцыркульныя. Унутраная прастора касцёла падзелена калонамі дарычнага ордэра на тры нефы. Бакавыя нефы з галерэямі, якія адкрываюцца ў цэнтральны неф арачнымі праёмамі. У заходняй частцы хоры. У паўднёвым крыле трансепта вылучана сакрысція. Галоўны алтар выкананы ў дарычным ордэры.

Перад касцёлам пастаўлена драўляная каркасная двух’ярусная званіца ў народна-этнаграфічнай трактоўцы.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 77 ад 13.11.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Воранаўскі раён, в. Жырмуны.

Бібліяграфія:

1. Жырмунскі касцёл // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: ў 5 т. – Мінск, 1985. – Т. 2. – С. 462–463.

2. Касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 143.

3. Касцёл Адшукання Святога Крыжа // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 351.

4. Касцёл Святога Крыжа // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Воранаўскага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 456−457.

5. Кулагін, А. М. Касцёл Адшукання Святога Крыжа / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 145–146.

wwe wwe wwe wwe