Касцёл былога кляштара францысканцаў з фрагментамі агароджы (Грынявічы)

Пабудаваны з цэглы на паўночнай ускраіне вёскі пры кляштары францысканцаў (скасаваны ў 1832 г.). Касцёл у 1839 г. перароблены пад праваслаўную царкву і перабудаваны. Твор архітэктуры барока, яго завяршальнай стадыі развіцця.

Храм трохнефавы, базілікальны, з бязвежавым фасадам і прамавугольнай апсідай. Накрыты пакатым (раней высокім) двухсхільным дахам. Крывалінейны галоўны фасад трох’ярусны, дэкарыраваны карнізнымі паясамі, спаранымі пілястрамі і завершаны фігурным франтонам. Дзверы галоўнага ўвахода з каванымі фігурнымі накладкамі.

Інтэр’ер меў выцягнутую па падоўжанай восі кампазіцыю. Галоўны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з люнетамі, бакавыя – плоскія з драўлянымі перакрыццямі. Над уваходам размешчаны хоры. Сцены расчлянёны спаранымі пілястрамі і шырокім карнізным поясам.

Захаваўся ў напаўзруйнаваным стане, зберагліся фрагменты мураванай агароджы і брама XVIII ст.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 71 ад 28.02.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Свіслацкі раён, в. Грынявічы.

Бібліяграфія:

1. Бубенчык, В. З гісторыі, з былых вякоў засталіся… руіны / Вольга Бубенчык // Свіслацкая газета. – 2011. – 20 жн. – С. 9.

2. Касцёл былога кляштара францысканцаў з фрагментамі агароджы // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 407.

3. Кулагін, А М. Касцёл францысканцаў / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 113.

4. Францысканскі касцёл Iаана Хрысцiцеля [Электронны рэсурс] // Arch-спадчына. – Рэжым доступу: http://history-belarus.by/pages/arch_harodnia/harodnia_lapenica.php. – Дата доступу: 14.03.2019.

wwe wwe wwe