Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Касцёл фундаваны ў 1764 г. абозным полацкім Юзафам Крыштофам Войнам з жонкай Ганнай Людвікай з Сулістроўскіх пры кляштары кармелітаў. Драўляны. Асноўны высокі прамавугольны ў плане аб’ём (фундамент складзены з валуноў і атынкаваны) і пяцігранная апсіда накрыты агульным дахам з вальмамі над алтаром. Да галоўнага фасада, які вылучаны трохвугольным франтонам, прыбудаваны ўваходны тамбур, па баках апсіды нізкія сакрысціі. Франтон гарызантальна ашаляваны, у верхняй частцы два спараныя лучковыя аконныя праёмы аб’яднаны шырокай ліштвай. Раней касцёл быў двухвежавы: па баках франтона ўзвышаліся два чацверыкі з гранёнымі купалкамі. Сцены касцёла вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі і завершаны прафіляваным карнізам. Вокны прамавугольныя. Уваходныя дзверы аздоблены дэкаратыўнай шалёўкай.

Інтэр’ер зальны, столь плоская, падшыўная. Над уваходам вялікія хоры з арганам. Ніжняя частка сцен аддзелена невялікім ступеньчатым карнізам, ашалявана вертыкальна, верхняя – гарызантальна. У інтэр’еры тры драўляныя алтары канца XVIII ст., выкананыя ў стылі ранняга класіцызму. Алтары трохчасткавыя, аформленыя іанічнымі калонамі. Капітэлі і ківоты пазалочаныя. Галоўны алтар упрыгожаны драўлянай скульптурай.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 79 ад 04.12.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Астравецкі раён, пас. Гудагай.

Бібліяграфія:

1. Валынец, Н. Мястэчка, беражонае Богам / Наталія Валынец // Гродзенская праўда. – 2009. – 12 снеж. – С. 8.

2. Гудагайская святыня: касцёл Маці Божай Шкаплернай чакае пілігрымаў // Астравецкая праўда. – 1999. – 24 снеж. – С. 2.

3. Гудагайскі касцёл // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: ў 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск, 1985. – Т. 2. – С. 224.

4. Гудагайскі касцёл Маці Боскай // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 189.

5. Гудогайский костёл Благовещения Пресвятой Девы Марии // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 167.

6. Гудогайский костёл Благовещения Пресвятой Девы Марии // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 296.

7. Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 334.

8. Касцёл Маці Боскай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 89.

9. Касцёл Наведвання Божай Маці ў в. Гудагай // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Астравецкага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 479.

10. Кулагін, А. М. Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзеве Марыі / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 114–115.

11. Пашкавец, П. Гудагайскі касцёл / Пётра Пашкавец // Дыялог. – 2000. – № 5. – С. 24.

12. Пашкавец, П. З гісторыі касцёла ў Гудагаях / Пётра Пашкавец // Краязнаўчая газета. – 2008. – № 3. – С. 4.

wwe wwe wwe wwe