Касцёл Дзевы Марыі

Пабудаваны з дрэва ў паўднёвай частцы вёскі Мураваная Ашмянка ў 1790 г. У межах агароджанага касцельнага сквера адасоблена стаіць 2-ярусная каркасная званіца.

Храм пабудаваны ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства. Вырашаны вялікім ашаляваным зрубам пад высокім 2-схільным дахам з вальмамі над 3-граннай апсідай з бакавымі нізкімі сакрысціямі. Прырубы крылаў трансепта надаюць будынку крыжовую форму, што падкрэслена і купальнымі вежачкамі з крыжамі, якія завяршаюць 4 трохвугольныя франтоны. Гарызантальна ашаляваныя сцены пазбаўлены архітэктурных абломаў і дэкору, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

Інттэр’ер зальны. Асноўнае памяшканне і выступы трансепта перакрыты люстранымі скляпеннямі. Хоры адкрываюцца ў асноўнае памяшканне двухпралётным арачным праёмам. Сцены і столь гарызантальна ашаляваныя. Інтэр’ер упрыгожаны выкананай у 2-й палове XIX ст. паліхромнай размалёўкай: гірлянды з лісця аканта, лілей стужак літургічнымі надпісамі, фігуры архангелаў, арнамент з залатых каласоў, зялёных і сініх гронак вінаграду. У верхняй частцы сцен — арнаментальны фрыз. Тры разныя драўляныя алтары зроблены ў стылі позняга барока. Галоўны на высокім цокалі, двух’ярусны, з трохвугольным завяршэннем, упрыгожаны драўляным разным абрамленнем з завіткоў-валют, ракайляў, казачных раслін, паўфігур атлантаў з царскімі калонамі-капітэлямі на галаве і фігурак укленчаных анёлаў. Бакавыя алтары па кампазіцыі нагадваюць галоўны, але меншыя памерам і больш сціплыя па дэкору.

Касцёл і званіца — помнік архітэктуры з выкарыстаннем элементаў барока і класіцызму, традыцый народнага драўлянага дойлідства.

Бібліяграфія:

1. Вярцінскі, Р. Э. Помнікі гісторыі і культуры Ашмяншчыны − каштоўныя тварэнні рук нашых продкаў і сучаснікаў / Р. Э. Вярцінскі // Ашмяншчына: гісторыя і сучаснасць: матэрыялы навук.-практ. краязн. канф. / рэдкал.: Ф. Э. Вярцінскі [і інш.]. − Гродна−Ашмяны, 1995. − С. 13.

2. Касцёл Дзевы Марыі // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 341.

3. Касцёл Дзевы Марыі / У. В. Алісейчык, Л. Г. Лапцэвіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 108−109.

4. Касцёл найсвяцейшага імя Марыі // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мінск, 2003. – С. 615.

5. Лапцэвіч, Л. Г. Мураванаашмянкаўскі Троіцкі касцёл / Л. Г. Лапцэвіч // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 353—354.

6. Мурованоошмянковский костел Пресвятой Девы Марии // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 374.

7. Юрша, В. Мурованая Ошмянка. Костел. Парафия / В. Юрша // Ошмянский край. Т. 2: Ксендзы и костелы. − Минск, 2016. − С. 330−348.

wwe wwe wwe