Касцёл Яна Хрысціцеля

Пабудаваны ў 1769 г. з цэглы пры манастыры базыльян (не захаваўся). У 1832 г. перабудаваны пад царкву. З 1919 г. касцёл дзейнічаў, пазней закрыты. У 1980-я гг. зноў перададзены вернікам. Помнік архітэктуры позняга барока.

Храм трохнефавы з двухвежавым галоўным фасадам і паўцыркульнай апсідай з сакрысціямі. У кампазіцыі дамінуе галоўны фасад. Цэнтральная плоскасць яго расчлянёна лучковымі праёмамі, лапаткамі і карнізамі, увянчана паўцыркульным франтонам. Першы ярус вежаў увагнуты, са скругленымі вугламі і бакавымі пілястрамі. У другім ярусе ўвагнутыя часткі сцен плаўна пераходзяць у вуглавыя лапаткі з валютамі. Вежы завершаны маленькімі васьміграннымі аб’ёмамі з шлемападобным пакрыццём. Другі ярус галоўнага фасада і верхнія ярусы вежаў часткова перабудаваны. Бакавыя фасады і апсіда прарэзаны лучковымі праёмамі, расчлянёны плоскімі лапаткамі і апярэзаны карнізам.

Інтэр’ер касцёла зальны, апсіда аднолькавай шырыні з цэнтральным нефам, раскрываецца ў асноўнае памяшканне арачным праёмам. Над бабінцам паміж аб’ёмамі вежаў размешчаны хоры. Асноўнае памяшканне перакрыта плоскай драўлянай столлю, апсіда конхай. Галоўны двух’ярусны алтар вырашаны ў барочным стылі ў выглядзе карынфскай каланады, якая нясе крапаваны карніз і фігурны шчыт з круглай люкарнай па цэнтры, валютамі, ракайлямі, дэкаратыўнымі вазамі, пуцці, складанымі спляценнямі S-падобных завіткоў. Па цэнтры галоўнага алтара – абраз “Хрышчэнне” пачатку ХХ ст., у завяршэнні стукавы картуш, аформлены валютамі і фігуркамі двух анёлаў.

Ансамбль сямі алтароў (галоўны, два бакавыя і чатыры кулісныя) выкананы ў тэхніцы стука, апрацаваны пад ружовы і блакітны мармур, упрыгожаны пазалочанай ляпнінай у выглядзе валют, ракайляў і дэкаратыўных ваз у стылі ракако. Пластычна-хвалісты абрыс маюць хоры, узнятыя над нартэксам.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 88 ад 28.08.2003).

Адрас: Гродзенская вобласць, Шчучынскі раён, в. Васілішкі.

Бібліяграфія:

1. Василишковский костел святого Иоанна Крестителя // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 81.

2. Василишковский костел святого Иоанна Крестителя // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 280.

3. Васілішкаўскі касцёл // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: ў 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск, 1984. – Т. 1. – С. 583.

4. Васілішкаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 107.

5. Васілішкаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля // Беларуская энцыклапедыя: ў 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1997. − Т. 4. – С. 25.

6. Дзежыц, В. Касцёлу святога Яна – 340 год / В. Дзежыц // Дзянніца (Шчучынскі раён). – 1998. – 18 ліп. – С. 4.

7. Касцёл Іаана Хрысціцеля // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 339–340.

8. Касцёл святога Іаана Хрысціцеля // Хрысціянскія храмы на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак XX стагоддзя / [уклад. А. М. Кулагін, У. А. Герасімовіч]. – Мінск, 2001. – С.27.

9. Касцёл святога Іаана Хрысціцеля ў в. Васілішкі // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2001. – С. 479–480.

10. Касцёл Яна Хрысціцеля // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 433.

11. Кулагін, А. М. Касцёл Святога Іаана Хрысціцеля / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2000. – С. 22–23.

12. Кулагін, А. М. Касцёл святога Яна Хрысціцеля / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 53–54.

wwe wwe wwe wwe wwe