Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі

Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі, каля могілак. Пабудаваны ў 1904-1906 гг. з дрэва. У 1913 г. міністр унутраных спраў дазволіў ксяндзу Ш. А. Радзішэўскаму пашырыць касцёл і арганізаваць самастойную парафію.

Помнік архітэктуры неаготыкі. Цэнтральны аб’ём з 5-граннай апсідай перасечаны папярочнымі 5-граннымі крыламі трансепта. Іх вальмавыя дахі і сяродкрыжжазавершаны 4-слуповымі шатровымі сігнатуркамі. Да фасада далучаны ніжэйшы нартэкс з бакавымі ніжэйшымі прыбудовамі. Гарызантальна ашаляваныя сцены (цокальная і фрызавая часткі - вертыкальна) прарэзаны стральчатымі аконнымі праёмамі, вуглы дэкарыраваны пілястрамі.

Інтэр’ер глыбінна-прасторавай кампазіцыі, зала перакрыта ашаляваным корабавым скляпеннем з брусамі-сцяжкамі. Цэнтральны і 2 бакавыя алтары выкананы ў стылі неабарока. У галоўным алтары ў 1906 г. размашчаны абраз “Маці Божая Нястомнай Дапамогі”. Абраз “Неапалімая купіна” (1821).

Помнік 3 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Адрас: Гродзенская вобласць, Гродзенскі раён, в. Парэчча, вул. Талстога, 4.

Бібліяграфія:

1. Касцёл Дзевы Марыі // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 365.

2. Кулагін, А. М. Касцёл Маці Божай / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2000. – С. 119.

3. Кулагін, А. М. Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў в. Парэчча / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 283.

4. Поцелуйко, Б. На круги своя вернулся Поречский костел / Божена Поцелуйко // Перспектива (Гродненский район). – 2009. – 12 июня. – С. 5.

5. Шыдлоўскі, А. Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы / Антон Шыдлоўскі // Слова Жыцця (Гродна). – 2012. – 9 верас. – С. 2.

wwe wwe wwe wwe