Касцёл Перамянення Гасподняга
Будаўніцтва касцёла пачалося ў 1865-1867 гг. графіняй Сабалеўскай, вялося ноччу, бо пасля паўстання 1864 г. службы праводзіць нельга было. Касцёл быў цалкам пабудаваны і пачаў дзейнічаць з 1899 г., але таксама таемна. У 1905-1908 гг. ксёндз Мадзялеўскі абнавіў плябанію, а жыхар в. Монькаўцы Ян Курчэўскі выразаў з дрэва 14 скульптур «дарогі Крыжовай».
Знаходзіцца ў цэнтры вёскі. На 1997 г. Налічвалася 1379 парафіян.
Помнік архітэктуры неакласіцызму. Прамавугольны ў плане храм накрыты 2-схільным дахам, над алтарнай часткай – вальмавым. Трохвугольны франтон фасада ўсечаны, над ім – 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца пад самкнутым купалам. Фасад расчлянёны лапаткамі на 3 праслы, у цэнтральным з якіх прамавугольны ўваходны праём з паўкругай люкарнай над ім, у бакавых – арачныя экседры з круглымі люкарнамі над імі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі, аб’яднанымі між’ярусным прафіляваным карнізам. У дэкоры выкарыстаны вуглавы руст. Атынкаваныя белыя дэталі дэкору (руст, лапаткі, ліштвы праёмаў) кантрастуюць з паліхромнай, фактурна насычанай бутавай муроўкай. Галоўны фасад упрыгожаны 2 прызначанымі пад скульптуру паўцыркульнымі нішамі і круглымі люкарнамі над імі. У інтэр’еры 4 круглыя калоны дзеляць прастору на 3 нефы, перакрытыя плоскай столлю. Трохарачныя хоры агароджаны драўлянай балюстрадай.
Помнік 3 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 116 ад 25.01.2006).
Адрас: Гродзенская вобласць, Гродзенскі раён, в. Селіванаўцы.
Бібліяграфія:
1. Касцёл Праабражэння Гасподняга // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 367.
2. Костел Преображения Господнего в д. Селивановцы [Электронный ресурс] // Гродненский районный исполнительный комитет. – Режим доступа: https://grodnorik.gov.by/ru/selivanovci/. – Дата доступа: 29.11.2018.
3. Кулагін, А. М. Касцёл Перамянення Гасподняга / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 329–330.
4. Кулагін, А. М. Касцёл Праабражэння Гасподняга / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2000. – С. 140.
5. Шыдлоўскі, А. Касцёл Перамянення Пана ў Селіванаўцах / Антон Шыдлоўскі // Слова Жыцця (Гродна). – 2011. – 9 студз. – С. 2.