Касцёл святога Яна Хрысціцеля

Знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Пабудаваны ў 1900-06 гг. з цэглы на месцы фундаванага Янам Чаплінскім драўлянага храма, што існаваў з 1634 г.

Помнік эклектычнай архітэктуры з рысамі неабарока і неакласіцызму. Дзвюхвежавая трохнефавая базіліка з трансептам і паўцыркульнай апсідай. Бакавыя невы больш нізкія і на галоўным фасадзе вылучаны магутнымі трох’яруснымі вежамі-званіцамі, па баках алтара – прамавугольнымі сакрысціямі. Паўцыркульная апсіда абкружана больш нізкай прыбудовай, што надае ёй ступеньчатае вырашэнне. Цэнтральны неф і трансепт накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах, бакавыя нефы – аднасхільнымі. Прамавугольныя аконныя праёмы дэкарыраваны паўцыркульнымі архівольтамі. Верхні ярус апсіды асветлены вялікімі люкарнамі. Сцены аздоблены плоскімі і руставанымі пілястрамі, філёнгавымі нішамі, сандрыкамі, завершаны развітымі багата прафіляванымі антаблементамі. Інтэр’ер двухсветлавы. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя – крыжовымі. Дэкаратыўнае афармленне інтэр’ера выканана архітэктарам К. Квяткоўскім.

Побач з касцёлам магіла Марылі Верашчакі (1799-1863), першага кахання Адама Міцкевіча.

Помнік 3 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 77 ад 13.11.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Воранаўскі раён, аг. Беняконі.

Бібліяграфія:

1. Касцёл Святога Іаана Хрысціцеля ў в. Беняконі // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Воранаўскага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 458−459.

2. Касцёл св. Яна Хрысціцеля // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 349.

3. Касцёл Іаана Хрысціцеля // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 367–368.

4. Кулагін, А. М. Касцёл святога Яна Хрысціцеля / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 36.

wwe wwe wwe