Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла

Знаходзіцца ў заходняй частцы вёскі. Пабудаваны ў 1803-12 гг. з цэглы на месцы драўлянага храма 1622 г. Абкружаны бутавай агароджай з трохарачнай брамай. Да 1937 г. святаром храма быў ксёндз І. Кажарновіч – прыхільнік беларусізацыі каталіцкага набажэнства.

Помнік архітэктуры класіцызму. Вырашаны прамавугольным аб’ёмам пад двухсхільным дахам (у пачатку ХХ ст. дахоўка заменена бляхай). Да галоўнага фасада далучана трох’ярусная чатырохгранная званіца з партатыўнай васьмікалоннай шатровай ратондай у завяршэнні (надбудавана ў пачатку ХХ ст.). У гэты ж час арачныя бакавыя аконныя праёмы заменены на гатычна-спічастыя, што ўнесла ў архітэктурна-стылёвую трактоўку пабудовы элемент эклектызму. Нетрадыцыйна размешчаны дзве сакрысціі, аб’яднаныя ў адзінай прыбудове да тыльнай алтарнай сцяны храма. Архітэктурны дэкор сканцэнтраваны на званіцы: ярусы падзелены карнізамі, ніжні ярус і вуглы руставаны, верхні апрацаваны філёнгамі і прарэзаны арачнымі праёмамі. Плоскасныя фасады дэкарыраваны гарызантальным рустам, прамавугольнымі панэлямі і плакеткамі, апяразаны карнізам спрошчанага профілю.

Зала храма перакрыта плоскай столлю-сафітам, сакрысція – крыжовымі скляпеннямі, сцены расчлянёны пілястрамі і апяразаны антаблементам спрошчанай прафіліроўкі. На алтарнай сцяне і бакавых кулісах-прасценках, што вылучаюць памяшканне апсіды, сродкамі ілюзорнага жывапіснага роспісу нанесены тры архітэктанічныя алтары: цэнтральны чатырохкалонны з выявамі святых апосталаў Пятра і Паўла і двухкалонныя бакавыя. На левай кулісе апсіды навешаны паўкруглы драўляны амбон. У час рамонту 1939 г. неаракайльнай арнаментыкай размаляваны сцены і столь. Над уваходам на чатырох драўляных калонках узнята галерэя хораў. Абразы XVIII ст. “Маці Божая смуткуючая”, пачатку ХІХ ст. “Маці Божая Рымская”, “Навучэнне Марыі” і “Св. Юрый”.

Помнік 3 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 77 ад 13.11.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Воранаўскі раён, в. Забалаць.

Бібліяграфія:

1. Заболотский костел Пресвятой троицы // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 208.

2. Касцёл Прасвятой Троіцы // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Воранаўскага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 457−458.

3. Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 351.

4. Кудряшова, Т. И зазвонят колокола / Татьяна Кудряшова // Гродзенская праўда. – 2009. – 15 крас. – С. 3.

5. Кулагін, А. М. Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 147–148.

6. Петрапаўлаўскі касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 144.

wwe wwe wwe wwe wwe