Касцёл Святога Юрыя (Крамяніца)
Знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы вескі. Пабудаваны ў 1617 г. з цэглы віцебскім кашталянам М. Вольскім. Асвянчоны ў 1657 г. біскупам Даўгялам. Помнік архітэктуры рэнесансу.
Гістарычнае імя храма – храм св. Юрыя, аднак у сувязі з тым, што сучасная каталіцкая парафія носіць імя Божага Цела, часам да храма ўжываецца падвойнае імя – Божага Цела і Святога Юрыя.
Аднанефавы бязвежавы храм. Прамавугольны ў плане асноўны аб’ём і апсіда з паўкруглым завяршэннем накрыты дахамі з агульным вільчыкам. Галоўны фасад завершаны ступеньчатым франтонам, тымпан якога члянёны плоскімі пілястрамі і аздоблены неглыбокімі нішамі. Сцены ўмацаваны шасцю контрфорсамі. Вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. Унутраная прастора зальнага тыпу перакрыта зорчатымі нервюрнымі скляпеннямі. Цэнтральны і два бакавыя алтары дэкарыраваны калонамі карынфскага ордэра, прафіляванымі карнізамі. Дэкаратыўная размалёўка ўпрыгожвае тымпаны арачных праёмаў. На хорах устаноўлены арган. Мармуровае скульптурнае надмагілле фундатараў касцёла Мікалая і Барбары Вольскіх выканана ў традыцыях рэнесансу.
Побач з касцёлам каля могілак у 18 ст. пастаўлена мураваная званіца. Помнік архітэктуры барока. Вырашана двух’ярусным чатырохгранным аб’ёмам пад пластычным шатровым дахам з заломам. Грані крапаваны бакавымі пілястрамі, прарэзаны па цэнтры лучковымі аконнымі і прамавугольным уваходным праёмамі.
Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 71 ад 28.02.2002).
Адрас: Гродзенская вобласць, Зэльвенскі раён, в. Крамяніца.
Бібліяграфія:
1. Касцёл Св. Юрыя // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 373.
2. Костёл Тела Господня и Святого Юрия [Электронный ресурс] // Radzima.org. – Режим доступа: https://www.radzima.org/ru/object/1873.html. – Дата доступа: 14.03.2019.
3. Крамяніца // Слова Жыцця (Гродна). – 2014. – 11 мая. – С. 2; 25 мая. – С. 2.
4. Кремяницкий костёл Пресвятого Божьего Тела и святого мученика Юрия // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 311.
5. Кулагін, А. М. Касцёл святога мучаніка Юрыя / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 184.
6. Шматко, Я. Чатыры вякі Крамяніцкай парафіі / Яніна Шматко // Праца (Зэльвенскі раён). – 2017. – 6 ліп. – С. 5; 8 ліп. – С. 4; 12 ліп. – С.6.