Касцёл Святой Троіцы
Пабудаваны ў 1913 годзе з цэглы паводле праекта архітэктара І.П. Дзяконскага. Помнік архітэктуры неараманскага стылю.
Касцёл трохнефавы, двухвежавы, сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, накрыты высокім вальмавым дахам, які ўтварае з боку галоўнага фасада паміж вежамі двухступеньчатую навісь. Дзве высокія двух’ярусныя вежы завершаны шпілямі. Над апсідай невысокая вежачка каркаснай канструкцыі, увянчаная двух’ярусным шпілем. Уваходная частка касцёла вылучана экзанартэксам у выглядзе адкрытай галерэі з шырокімі паўцыркульнымі і вузкімі стральчатымі праёмамі.
Цэнтральны стральчаты партал вылучаны вімпергам. Пяцігранная апсіда і бакавыя сцены ўмацаваны контрфорсамі. Сцены прарэзаны спічастымі аконнымі праёмамі. Інтэр’ер падзелены шасцю васьміграннымі калонамі на тры нефры.
Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 142 ад 21.05.2008).
Цікавыя факты:
У 1950-я гады, у эпоху сталінізму, касцёл у Зэльве зачынілі і выкарыстоўвалі ў якасці крамы і складскіх памяшканняў (збожжасховішча) калгасу ім. Леніна.
Траецкі касцёл вярнулі каталікам у 1989 годзе. З інтэр'ерных упрыгожванняў захаваліся толькі распяцце і фігура Лурдскай Божай Маці, што было ўспрынята вернікамі як цуд.
Касцёл нанова асвяцілі ў 1989 годзе. З 1991 года ў ім адпраўлялі імшы святары місіянерскага Ордэна Кларэцінаў, вядомыя сваёй асветніцкай дзейнасцю, у тым ліку ў СМІ.
У абноўленым касцёле ўстаноўлены маляўнічыя вітражы з фігурамі святых. А вось электронны арган у касцёле адразу не прыжыўся: выйшаў з ладу пасля ўдару маланкі. Пасля гэтага на касцельным шпілі паставілі громаадвод і набылі новы арган.
У 2013 годзе каталіцкая парафія Найсвяцейшай Тройцы налічвала больш за 1150 чалавек, у тым ліку 150 дзяцей, якія вучацца ў школе пры касцёле. Імшы адпраўляюцца на беларускай мове.
Адрас: Гродзенская вобласць, г. п. Зэльва, вул. 50 год УЛКСМ, 18.
Бібліяграфія:
1. Василёвкина, Т. Столетие храма / Татьяна Василёвкина // Гродзенская праўда. – 2013. – 13 крас. – С. 4.
2. Зельвенский костел Пресвятой Троицы // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 304–305.
3. Касцёл Святой Троіцы // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 372.
4. Кулагін, А. М. Касцёл Найсвяцейшай Троіцы / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 156.
5. Матюк, Н. Зельвенский костел: история красоты / Наталия Матюк // Праца (Зэльвенскі раён). – 2018. – 8 верас. – С. 10.
6. Сітко, Н. Другое нараджэнне касцёла / Наталля Сітко // Праца (Зэльвенскі раён). – 2004. – 7 снеж. – С. 3.