Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Размяшчаецца каля могілак. Пабудаваны ў 1913 г. з цэглы.

Падставай для будаўніцтва касцёла з’явілася хадатаніцтва мяшчан мястэчка і сялян навакольных вёсак да гродзенскага губернатара. Жыхары-католікі мястэчка і навакольных вёсак па сялянскіх прыгаворах абавязаліся прыняць будаўніцтва касцёла і ўтрыманне святара на ўласныя сродкі. 24. 6. 1906 г. губернскі інжынер А. Савіч адпраўляе праект і смету на будаўніцтва храма. Акты прыёмкі касцёла складзены 28. 10. 1912 г.: “Пабудова ўзведзена ўчарне, выведзены сцены і пакрыты чарапіцай дах. Скляпенні яшчэ не зроблены. Вокны не зашклёны”. Канчаткова будынак здадзены 30. 1. 1913 г. Закрыты ў 1951 г., пасля чаго выкарыстоўваўся пад склад і прыйшоў у заняпад (рухнулі дах і скляпенні). Рэстаўрыраваны паводле праекта архітэктара В. Атас пад кіраўніцтвам ксяндза Вітольда Жэльветра. Адноўлены на сродкі французскага падданага Жана Керхнера (пры ўваходзе на сцяне мемарыяльная дошка “У памяць Ірэне Керхнер-Жукоўскай 16. 2. 1926, Дзярэчын – 27.11.1989, у Парыжы. Касцёл гэты адбудаваны дзякуючы яе мужу Жану ў 1991– 93 гг.». Адкрыты і асвячоны біскупам А. Кашкевічам 14. 8. 1993 г.

Помнік архітэктуры неаготыкі. Аднавежавы, 1-нефавы храм з 5-граннай апсідай і бакавымі сакрысціямі ўзняты на цокаль, выкладзены з вапняковых блокаў. Вертыкальнай дамінантай храма з'яўляецца 8-гранная вежа-званіца са спічастым шпілем (у 1995 навешаны звон, адліты ў 1717). Ступеньчаты франтон фасада фланкіраваны фіяламі. Над уваходным стральчатым парталам з вімпергам размешчана акно-ружа. Стральчатымі парталамі аформлены і 2 бакавыя ўваходы. Бакавыя сцены расчлянёны вялікімі стральчатымі аконнымі праёмамі з ажурнымі кратамі і каляровымі вітражамі,умацаваны ў прасценках ступеньчатымі контрфорсамі. Па перыметры праходзіць карніз з сухарыкамі, выкарыстаны аркатурныя фрызы. Элемент асіметрыі ў агульную кампазіцыю будынка ўносіць 8-гранная вежа правай сакрысціі. Сцяна нефа над апсідай завершана 2-гранным шчыпцом з шэрагам фіял. Мастацка-эстэтычны эфект дасягаецца высакаякаснай цаглянай муроўкай.

Зала перакрыта гатычным зоркавым скляпеннем, высокай стральчатай аркай, у якую адкрываецца апсіда. Над крыжовымі скляпеннямі нартэкса размешчаны хоры.

Помнік 3 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 101 ад 05.10.2004).

Адрас: Гродзенская вобласць, Зэльвенскі раён , аг. Дзярэчын.

Бібліяграфія:

1. Деречинская Спасо-Преображенская церковь // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 297.

2. Дзярэчынскі касцёл: дарога даўжынёю ў 100 год // Праца (Зэльвенскі раён). – 2013. – 3 жн. – С. 9; 7 жн. – С. 8; 10 жн. – С. 4.

3. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 372.

4. Кулагін, А. М. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 125.

5. Марціноўскі, П. Касцёл у Дзярэчыне / П. Марціноўскі // Краязнаўчая газета (Гродна). – 2002. – № 1. – С. 6.

wwe wwe wwe wwe wwe