Касцёл Узвышэння Святога Крыжа

Лідскі рымска-каталіцкі фарны касцёл пад назвай Узвышэння (Узнясення) Святога Крыжа пабудаваны ў 1747(65)-1770 гг. епіскапам Томашам Зянковічам з сумы 50000 тынфаў, ахвяраваных на гэтую нагоду віленскім біскупам Міхалам Зянковічам. Верагодна, па праекту віленскага архітэктара Ёгана Крыштафа Глаўбіца. Парафія заснавана каралём Уладзіславам Ягайлам у 1387г. У 1928 г. асвячоны архібіскупам Р. Ялбжыкоўскім. Быў акружаны мураванай агароджай з барочнай брамай (не захаваліся). Помнік архітэктуры барока. Трохнефавая 2-вежавая базіліка (вежы разабраны ў час пажару 1821 г.) з прамавугольнай апсідай і бакавымі нізкімі сакрысціямі. Накрыта 2-схільным чарапічным дахам з вальмамі над апсідай.

Інтэр’ер, афармленне якога прыпісваецца Глаўбіцу, упрыгожвае фрэскавая размалёўка скляпенняў, сцен, аконных адхілаў, скульптура і арнаментальная лепка ў стылі ракако.

Алтар вялікі, мураваны на чатырох калонах. Паміж калонамі выява распяцця Ісуса Хрыста, створаная віленскім рэзчыкам Зімабро, ахвяраваная ў 1861 годзе Станіславам Вольскім. Уверсе над алтаром лунаюць 4 гіпсавыя анёлы, па баках паміж калонамі скульптуры святых апосталаў Пятра і Паўла, а таксама святых Казіміра і Сафіі.

Пры ўваходзе, па левай руцэ – алтар Маці Божай Вострабрамскай двухпавярховы з дзвюма калонамі. На першым паверсе абраз Божай Маці Вастрабрамскай, выкананы на дубовай дошцы ў 1847 г. жывапісцам Азямблоўскім і ахвяраваны дваранінам Іванам Андрушкевічам. На другім паверсе абраз Маці Божай Ружанцовай ў срэбнай рызе (у срэбным акладзе).

На правую руку – алтар мураваны на падабенства алтара Божай Маці Вастрабрамскай. На першым паверсе абраз святога Язэпа ў пазалочанай раме, намаляваны жывапісцам Мікульскім і ў 1853 г. ахвяраваны ксяндзом Хлявінскім. На 2 паверсе – абраз Маці Божай Шкаплернай.

На скляпеннях у арнаментальным афармленні размешчаны фрэскавыя пано “Узвышэнне Святога Крыжа”, “Маці Божая”, “Звеставанне”, “Беззаганнае зачацце”, “Уручэнне ключоў св. Пятру”.

Гісторыка-мастацкая значнасць надаецца абразу “Маці Божая з дзіцем”, прывезенаму быццам з Візны (Беластоцкае ваяводства) у 1376 г. першымі місіянерамі-францысканцамі.

Арган на 10 галасоў з трыма мяхамі, адрамантаваны ў 1856 г.

Адрас: Гродзенская вобласць, г. Ліда, вул. Замкавая, 2.

Бібліяграфія:

1. Інвентарны вопіс Лідскага рымска-каталіцкага касцёла і бенефіцыі. Складзены 29 траўня 1882 года: (апісанне касцёла Узвіжання Святога Крыжа і яго алтароў, абразоў і інш.) / перакл. і падрыхт. да друку С. Судніка; здымкі С. Судніка // Лідскі летапісец. – 2002. – №2. – С. 9–15.

2. Кулагін, А. М. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С.195.

3. Культавае дойлідства: каталіцкія храмы. Касцёл Узвіжання Св. Крыжа // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ліды і Лід. р-на. – Мінск, 2004. – С. 498–499.

4. Лидский костел Воздвижения Святого Креста // Туристические регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 312.

5. Лидский фарный костел // Бел. ССР: краткая энц.: в 5 т. – Мн., 1981. – Т. 4. – С. 312.

6. Лідскі Крыжаўзвіжанскі касцёл // Архітэктура Беларусі: энцыкл. дав. – Мінск, 1993. – С. 264.

7. Лідскі Крыжаўзвіжанскі касцёл // Беларуская энцыклапедыя: ў 18 т. – Мінск, 1999. –Т. 9. – С. 251.

8. Лідскі Фарны касцёл // Архітэктура Беларусі / пад рэд. У. М. Якуніна. – Мінск, 1982. – С. 124.

9. Сліўкін, В. Хрысціянства на Лідчыне: (Лідскі Крыжаўзвіжанскі касцёл і інш.) / В.Сліўкін // Лідскі Летапісец. – 2001. – №2. – С.18–23.

wwe wwe wwe