Курган Бессмяротнасці Адама Міцкевіча

Курган Бессмяротнасці Адама Міцкевіча — штучны ўзгорак, створаны ў 20-x гадах ХХ ст. у гонар Адама Міцкевіча ў Навагрудку, дзе прайшлі яго дзіцячыя гады і ў ваколіцах якога адбываюцца многія падзеі яго твораў. Менавіта ў гэты перыяд часу шмат было зроблена для вяртання імя Адама Міцкевіча на радзіму і ўвекавечвання яго памяці. Штуршком для гэтага паслужыў чарговы прыезд у Навагрудак сына Адама Міцкевіча Уладзіслава 13 мая 1922 года. Пад уплывам гэтага візіту ў Навагрудку было створана добраахвотнае навуковае таварыства – Міцкевічаўскі камітэт пад кіраўніцтвам ваяводы У. Рачкевіча і пад апекай прэзідэнта Польшчы С. Вайцяхоўскага. Першай справай, якую пачаў ажыццяўляць камітэт, стала будаўніцтва помніка Міцкевічу. Паколькі ў той цяжкі пасляваенны час былі пэўныя складанасці з пабудовай высокамастацкага скульптурнага помніка, было вырашана ўзвесці помнік у выглядзе насыпанага кургана згодна даўняй славянскай традыцыі. На добраахвотныя ахвяраванні навагрудчан у мясцовага землеўладальніка быў куплены на Малым замку пляц для будучага Кургана.

27 мая 1924 года адбылася вялікая ўрачыстасць з нагоды пачатку работ па яго ўзвядзенню. Біскуп Зыгмунт Лазінскі зачытаў перад прысутнымі Устаноўчы акт, складзены прафесарам Віленскага універсітэта Станіславам Пігонем і падпісаны членамі Міцкевічаўскага камітэта. Затым гэты акт паклалі ў алавяную скрынку і забетаніравалі на месцы будучага кургана-помніка. Першую жменю зямлі ў яго аснаванне кінуў кіраўнік Міцкевічаўскага камітэта прафесар С. Вайцяхоўскі, а за ім астатнія прысутныя: члены камітэта, навагрудчане і госці з розных рэгіёнаў Польшчы. Зямлю для насыпання Кургана бралі большай часткай з суседняй Замкавай гары. Ва ўвядзенні Кургана ўдзельнічала моладзь, работнікі розных устаноў і арганізацый, салдаты. Прывозілі зямлю са сваіх родных мясцін і шматлікія турысты, якія наведвалі радзіму А. Міцкевіча. Жаданне прыняць удзел ва ўзвядзенні Кургана было такім вялікім, што адзначаліся выпадкі, калі зямлю дасылалі поштай з розных рэгіёнаў Польшчы, робячы на пасылцы надпіс “Навагрудак. Зямля для ўшанавання памяці Адама Міцкевіча”. Скончылі насыпаць курган у 1931 годзе. Курган−помнік быў афіцыйна перададзены пад апеку горада. Вышыня яго склала 17 метраў, а шырыня ля падножжа – 30 метраў.

3 той пары на Наваградчыне стала традыцыйным штогод праводзіць народнае свята песні і танца, прысвечанае вялікаму земляку Адаму Міцкевічу. Сярод мясцовага люду жыве легенда, у якой апавядаецца, што ў дні народных урачыстасцей паэт абавязкова вяртаецца ноччу з Вавельскага замка ў родныя мясціны, каб пачуць рэха наднёманскіх песень, адчуць іх мілагучнасць, хараство. Тады ён прахаджваецца па замчышчы, узбіраецца на высокі курган, насыпаны ў яго гонар, потым доўга задуменна сядзіць ля парога бацькоўскага дома. Шмат ёсць на Наваградчыне легендаў аб бессмяротнасці душы паэта. Магчыма, што і назва «Курган бессмяротнасці» абавязана адной з іх сваім нараджэннем.

Бібліяграфія:

1. Бесараб, К. Кургану−помніку – дзевяноста / К. Бесараб // Новае жыццё (Навагруд. р-н). – 2014. – 28 мая. – С. 2.

2. Гайба, М. Сэрцу мілая айчына: вобразы радзімы ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча / М. Гайба. – Баранавічы : БелАниГал, 2011. – 112 с. Са зместу: [Курган Бессмяротнасці Адама Міцкевіча]. С. 85−88.

3. Гісторыя Навагрудка – з глыбінь вякоў да нашых дзён / рэдкал.: М. П. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Белстан, 2014. – 592 с.Са зместу: [Курган Міцкевіча]. С. 411−412.

4. Курган Адама Міцкевіча [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу: https://www.radzima.org/be/navagradak-navagrudak. – Дата доступу: 31.05.2019.

5. Мальдзіс, А. І. Курган Бессмяротнасці / А. І. Мальдзіс // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 264.

6. Памяць. Навагрудскі раён : гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Э. Г. Гнеўка, П. В. Мікульчык, А. Л. Петрашкевіч. – Мінск : Беларусь, 1996. – 559 с.Са зместу: [Курган Бессмяротнасці Адама Міцкевіча]. С. 214−215.

wwe wwe wwe