Комплекс будынкаў піваваранага завода

29 сакавіка 1873 года Носель Зелікавіч Пупко атрымаў згоду Лідскай павятовай паліцэйскай управы на будаўніцтва піваварнага завода на ўласным незабудаваным участку плошчай 1950 квадратных сажаняў (што раўназначна 88,5 соткам) па вуліцы Віленскай.

У 1876 годзе была зварана першая партыя піва, гэтая дата выкладзена цэглай на завадскім коміне “Сущ. с 1876” і зафіксаваная на першых фірмовых этыкетках.

На плане 1893г. відно, што на ўчастку меліся два аднапавярховых жылыя дамы: цагляны на 9 пакояў, з двухсхільным чарапічным дахам, плошчай 144м2, з двумя ўваходамі, пяццю прастакутнымі вокнамі і дзвюмя парамі калон на фасадзе, адкрытым на вул. Віленскую; драўляны 5-пакаёвы, 8-аконны дом з адрынай, агульнай плошчай у 227м2; хлеў для жывёлы плошчай 102 м2; стайня на 12 стойлаў і завод.

Завод быў пабудаваны папярок участка і складаўся з трох драўляных будынкаў:

1. Трохпавярховая сушня з печчу.

2. Двухпавярховы будынак з праездам. На першым паверсе размяшчаліся саладоўня, варачнае аддзяленне з водаварачным і суславарачным катламі, кацёл для адваркі затору, а таксама фільтрацыйны чан. На другім паверсе знаходзіліся гарышча для збожжа, якое размяшчалася над саладоўняй, гарышча пры сушыні, кантора і жылое памяшканне здзвюмя кафлянымі печамі, у асобных пакоях стаялі заторны чан і запасныя чаны.

3. Аднапавярховы будынак плошчай 724м2, у якім размяшчалася брадзільнае аддзяленне з 10 чанамі, ляднік і разлівачная.

Піўзавод Носеля Пупко ў 1939 годзе быў нацыяналізаваны, з 1992 года стаў арэндным прадпрыемствам, з 1995 года – акцыянернае таварыства закрытага тыпу “Лідскі піўзавод”, з 2000 г. – ААТ “Лідскае піва”.

Адрас: Гродзенская вобласць, г. Ліда, вул. Міцкевіча.

Бібліяграфія:

1. Будынак піваварнага завода // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 229.

2. Зарождение пивного дела на Лидчине // Лідская газета . – 2008. – 14 июня. – Прилож.: Пивовар Лидский. – С. 2.

3. Комплекс будынкаў піваваранага завода // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 385.

4. Лидский пивоваренный завод [фото] // Белорусская ССР: кр. энц. –Минск, 1979. – Т. 2. – С. 344.

5. Піваварня ў Лідзе / Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. – Мінск, 1972. – Т.2. – С. 473.

6. Юфа, В. Пивовар Лидский / В. Юфа // Лідская газета. – 2008. – 27 сент. – С. 5–7.

7. Сліўкін, В. Лідскае піва. Піўзавод Пупко / Валеры Сліўкін // Лідскі летапісец. – 2005. – № 4. – С. 43–54.

wwe wwe wwe wwe