Комплекс былога палаца князёў Друцкіх-Любецкіх

Палац знаходзіцца ў паўночнай частцы горада Шчучын, на месцы былога памешчыцкага маёнтка, тэрыторыя якога пасля вайны была аддадзена пад ваенны гарадок і даволі шчыльна забудавана.

Спраектаваны ў 1892-1895 гг. віленскім архітэктарам Тадэушам Раствароўскім і быў мала звязаны з папярэднім палацава-паркавым комплексам ХVІІІ ст. Уяўляе сабой дваранскую рэзідэнцыю, мураваную, двухпавярховую, у стыле пецярбургскага неакласіцызму канца ХІХ ст., з асобнымі элементамі эклектызма.

Рашэнне аб будаўніутве рэзідэнцыі ў Шчучыне было прынята князем Уладзіславам Друцкім-Любецкім у 1892-1895 гг., у гэты ж час Раствароўскім быў распрацаваны праект пабудовы палаца. Па невядомых прычынах будаўніцтва ішло вельмі марудна. Магчыма, гэта было звязана з хваробай князя. Так, да пачатку Першай сусветнай вайны не паспелі на балконах зрабіць агароджы.

Пасля смерці ў 1913 г. князя Уладзіслава Друцкага-Любецкага, сям’я была папросту не гатова працягваць будаўніцтва і аддзелку інтэр’ераў. Сам палац у Шчучыне не моцна пацярпеў у час Першай сусветнай і грамадзянскай вайны. Відаць, толькі пасля вяртання апошняга ўладальніка Шчучына князя Яна з вайсковай службы каля 1921 г. магло быць працягнута будаўніцтва і аздабленне палаца. Безумоўна, не спрыяла хутчэйшаму заканчэнню будаўніцтва пасляваенная разруха 1921-1925 гг.

Двухпавярховая мураваная рэзідэнцыя была пабудавана ў плане шырокага прамавугольніка , на высокім каменным цокалі. З агульнага аб’ёма лёгка вычляняюцца з боку галоўнага фасада тры ўзаемазвязаныя аб’ёмы. Сярэдні (цэнтральны) аб’ём уяўляў сабой адсунуты злёгку ўнутр аб’ём, быў ніжэй бакавых і ўтвараў на галоўным фасадзе порцік з дзвюма калонамі іанічнага ордэна, фланкіруючымі галоўную вось фасада. Плоскі дах, накрыты бляхай, быў агароджаны балюстрадным атыкам, а магутны карніз упрыгожаны моцна прафіляваная ляпнінай.

Унутраная планіроўка рэзідэнцыі мела нерэгульрны характар. Жылыя памяшканні ў асноўным групіраваліся ўздоўж галоўнага фасада і з двух бакавых, а з паркавага фасада размяшчаліся парадныя памяшканні.

Мэбля, калі верыць успамінам апошніх уладальнікаў, належала да ранніх стыляў. Паяшканні ўпрыгожвалі партрэты і іншы жывапіс, з скульптуры – мармуровая Леда невядомага аўтара. Амаль усю правую частку паркаввга фасада займала на першым паверсе доўгая сталовая, дзе сцены былі ўпрыгожаны партрэтамі каралёў, а ў сервантах захоўвалася фамільнае срэбра і французкі фарфор. Жылыя пакоі мелі больш сучасную мэблю.

Унутранае ўбранства, мэбля, вялікая частка маёмасці былі вывезены ў кастрычніку 1939 г.

Будаўніцтва ваеннага гарадка пасля Другой сусветнай вайны на тэрыторыі маёнтка і палацава-паркавага комплекса, а перш за ўсё прыбудова да палаца, значна змянілі архітэктурна-планіровачны ансамбль і, непасрэдна, сам палац.

Помнік знаходзіцца ў адносна здавальняючым стане, захаванне яго фасадных дэталяў дазваляе ў адносна кароткі час яго аднавіць.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 64 ад 27.03.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, г. Шчучын.

Бібліяграфія:

1. Беззубов, А. Дворцовый переворот / Александр Беззубов // Вечерний Гродно. – 2004. – 11 авг. – С. 9.

2. Бибикова, А. Дворец Друцких-Любецких: щучинский “Версаль” / Алла Бибикова // Гродзенская праўда. – 2018. – 17 кастр. – С. 8–9.

3. Бібікава, А. Вяртанне прыгажосці / Ала Бібікава // Дзянніца (Шчучынскі раён). – 2011. – 25 кастр. – С. 1, 2.

4. Вишневская, Т. И дворец в подарок / Татьяна Вишневская // Перспектива (Гродненский район). – 2015. – 9 сент. – С. 3.

5. Данскіх, С. Таямніцы Шчучынскага палацу / С. Данскіх // Дзянніца (Шчучынскі раён). – 1994. – 6 верас. – С. 2.

6. Каспярчук, А. Яны абнаўляюць наш горад / Аляксандр Каспярчук // Дзянніца (Шчучынскі раён). – 2015. – 8 жн. – С. 2.

7. Комплекс былога палаца князёў Друцкіх-Любецкіх // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 432.

8. Лісоўская, А. Адзін палац, два Шчучыны і … Версаль / Алена Лісоўская // Дзянніца (Шчучынскі раён). – 2008. – 16 жн. – С. 6.

9. Палац у Шчучыне // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2001. – С. 464–466.

10. Трусаў, І. Р. Да гісторыі шчучынскага палаца / І. Р. Трусаў // Шчучыншчына: мінулае і сучаснасць: Матэрыялы навук.-практ. краязн. канф. “Знакамітыя людзі, помнікі гісторыі і культуры, гіст. падзеі і мясціны Шчучыншчыны”, праведз. 24 сак. 1995 г. – Ліда, 1997. – С. 162–163.

11. Шчучынскі палац // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 493.

12. Шчучынскі палац // Беларуская энцыклапедыя: ў 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2003. − Т. 17. – С. 504.

13. Щучинский дворец // Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии / В. А. Чантурия. – Минск, 1986. – С. 152.

14. Щучинский дворцово-парковый ансамбль // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 622–623.

15. Щучинский дворцово-парковый ансамбль // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 348.

wwe wwe wwe wwe