Комплекс былой сядзібы “Альбярцін”

Помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга класіцызму.

Створана ў 1-й палове 19 ст. як рэзідэнцыя В. Пуслоўскага – уладальніка прадпрыемстваў па вытворчасці сукна, дываноў, паперы.

У комплекс уваходзілі сядзібны дом, службовыя пабудовы, фабрыка, пейзажны парк, мураваны вадзяны млын з характэрным барочным ламаным дахам, драўляная пральня пад назваю “Венецыя” (не захавалася).

Сядзібны дом – 2-павярховы, мураваны, асіметрычнай кампазіцыі.

Галоўны фасад вылучаны цэнтральным 4-калонным порцікам. У афармленні галоўнага ўвахода выкарыстаны скульптуры львоў. Калідорная ўнутраная планіроўка.

Стайня – мураваны неатынкаваны Т-падобны ў плане будынак, у дэкоры – арнаментальная муроўка. Кампазіцыя 2-ярусная: 1 ярус вылучаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, 2 – круглымі люкарнамі. Цэнтр галоўнага фасада выдзелены шырокім парталам з ліштвай у выглядзе падковы і ляпной маскай каня. Партал фланкіраваны рызалітамі, якія ўзвышаюцца над будынкам.

Галоўны ўезд у сядзібу аформлены у выглядзе невысокіх цагляных пілонаў і прымыкаючага да аднаго з іх памяшкання вартоўні (часткова разбурана). Пілоны брамы і невысокая, квадратная ў плане вартоўня вырашаны ў простых, лаканічных архітэктурных формах. У іх дэкоры выкарыстаны руст і нескладанага профілю архітэктурныя абломы.

У канцы ўязной алеі знаходзіцца службовы флігель (вул. Паркавая, 1), вырашаны ў стылі позняга класіцызму. Прамавугольны ў плане, аднапавярховы аб’ём пад двухсхільным дахам, галоўным паўночным фасадам выцягнуты ўздоўж алеі, падкрэсліваючы напрамак галоўнага ўезду. Пры магутным канструкцыйным вырашэнні (таўшчыня сцен 70 см) яго архітэктура вызначаецца геаметрычнай дакладнасцю форм і дэкаратыўных элементаў. Плоскасна вырашаны галоўны фасад мае трохчастковую пабудову і прапарцыянальны рытм арачных праёмаў і ніш.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 71 ад 28.02.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, г. Слонім, вул. Калгасная, 8.

Бібліяграфія:

1. Антановіч, К. Шыльда без… помніка / Кастусь Антановіч // Культура. – 2010. – 24–30 ліп. – С. 14.

2. Ануфрыева, В. Поступам Белай панны / Вольга Ануфрыева // Беларускі час. – 2006. – 23–30 чэрв. – С. 25.

3. Комплекс былой сядзібы “Альбярцін”: сядзібны дом, два флігелі, стайня, брама, парк // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 412.

4. Слонимский усадебно-парковый комплекс “Альбертин” // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 527.

5. Слонимский усадебно-парковый комплекс “Альбертин” // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 341.

6. Слонімская сядзіба “Альбярцін” // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Слонімскага раёна. / [рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 681–682.

7. Слонімская сядзіба “Альбярцін” // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : ў 5 т. – Мінск,1987. – Т. 5. – С. 59.

wwe wwe wwe wwe wwe