Крэўскі замак

Між маляўнічых боханаў-пагоркаў Смаргоншчыны каля сутокаў рэчак Краўлянка і Шляхцянка атуленыя шаўкавістай муравой ціха дрэмлюць ссівелыя ад часу і ваеннага попелу руіны некалі магутнага і грознага Крэўскага замка. Гэта быў першы цалкам мураваны замак у Вялікім княстве Літоўскім, які адносіцца да замкаў тыпу “кастэль”. Іх звычайна будавалі ў цяжкадаступных месцах. Абарона кастэляў складалася з драўляных або мураваных абарончых сцен, земляных валаў і равоў, якія часта абвадняліся.

Замак-кастэль у Крэве пабудаваны ў 30-я гады XIV ст. літоўскім князем Альгердам. Крэўскі замак у сваёй планіроўцы мае шмат агульнага з Лідскім. У плане ён нагадвае няправільную трапецыю. З усходу, поўдня і часткова з захаду і поўначы замак баранілі воды рачулак, падпёртых плацінаю. Дзве вежы размяшчаліся па дыяганалі. На паўночна-заходнім рагу была вялікая Княжацкая вежа (вежа Кейстута), памерамі 18,65х17 м, якая выступала за перыметр замкавых муроў. Тут было не менш як тры паверхі і склеп-турма. У вежы жылі князь, чэлядзь і начальнік замкавай варты. Княжацкія пакоі размяшчаліся на другім паверсе, дзе вокны значна большыя і шырэйшыя. Над трэцім паверхам, абарончым, відаць існаваў яшчэ адзін ярус бою, аб чым сведчаць рэшткі каменнай лесвіцы ў тоўшчы вежавай сцяны, якая вяла наверх. Гэта мог быць яшчэ адзін паверх, або баявыя пляцоўкі, размешчаныя на самым версе вежы. Сцены вежы да вышыні 3 м ад цяперашняй паверхні вымураваны з камянёў. Вышэй ідзе лусковая муроўка з буйна памернай цэглы. Паверхі злучаліся паміж сабой драўлянымі лесвіцамі. Княжацкія пакоі былі, відаць, распісаны фрэскамі.

Сцены Крэўскага замка розныя па памерах: паўночная сцяна, якой найчасцей пагражала небяспека − 85 м, усходняя – 108,5 м, паўднёвая – 71,55 м і заходняя, якая перад вялікай вежай мае невялікае адхіленне ад асноўнай восі – 97,2 м. Таўшчыня замкавых сцен дасягае 2,75 м.

За сваю гісторыю замак быў сведкам многіх гістарычных падзей. У 1382 г. тут, у падзямеллі Княжацкай вежы, быў задушаны па загадзе Ягайлы яго дзядзька Кейстут, асноўны прэтэндэнт на велікакняжацкі прастол. У 1385 г. у замку былі прыняты ўмовы аб’яднання Літвы і Польшчы пад уладай Ягайлы. У 1443 г. замак быў узяты войскамі князя Свідрыгайлы, які ваяваў за велікакняжацкі прастол з князем Жыгімонтам. У 1503−1506 гг. замак значна разбурылі войскі перакопскіх татараў. Пазней тут, у Княжацкай вежы, жыў беглы князь Андрэй Курбскі. Аднак ужо ў ХVI ст. вядомы дыпламат Сігізмунд Герберштэйн адзначаў, што Крэва – горад “з пакінутым замкам”. Замак паступова страціў сваё значэнне як абарончы пункт. У XVIII ст. значна была разбурана вялікая вежа, дах і перакрыцці, абвалілася частка ўсходняй сцяны.

Асабліва пацярпеў замак у час Першай сусветнай вайны. Праз Крэва больш за тры гады праходзіла лінія фронту. Замак знаходзіўся на нямецкім баку абароны. Тут рабілі бетонныя сховішчы (у малой вежы і каля паўднёвай сцяны), назіральныя пункты, у час абстрэлу якіх сцены замка і вялікая вежа былі разбіты, разбураны завяршэнні сцен. Паўночная сцяна замка пахілілася на 10 градусаў. У 1929 г. гэту сцяну ўмацавалі контрфорсам і закансервавалі. Абліцоўка галоўнай вежы была звязана жалезнымі зацяжкамі, а шчыліны заліты вапнай. Тады ж падмуравалі рэшткі паўночна-ўсходняй сцяны, падмацаваныя эскарпам, а таксама правялі шэраг іншых кансервацыйных і рэстаўрацыйных работ.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны стан замкавых муроў значна пагор- шыўся. Руіны замка сёння нагадваюць разбуранае гняздо былой крывіцкай славы.

Бібліяграфія:

1. Бутэвiч, А. Буслы над Крэвам, альбо Раскiданае гняздо Крывiцкай славы / А. Бутэвіч // Маладосць. − 2002. − № 9/10. − C. 148−160.

2. Бутэвіч, А. Крэўскі замак / А. Б. Бутэвіч // На далонях вечнасці : сем цудаў Беларусі / Анатоль Бутэвіч, Уладзiмiр Ягоўдзiк. − Мінск, 2010. – С. 59−62.

3. Бутэвіч, А. І. Раскіданае гняздо крывіцкай славы : незвычайная вандроўка па Крэўскіх мурах / Анатоль Бутэвіч. – Мінск : Беларус. навука, 2008. − 125 с.

4. Бутэвiч, А. Слава i няслаўе Крэўскага замка / А. Бутэвіч // Беларуская думка. − 2002. − № 9. − C. 133−141.

5. Бутэвіч, А. І. Таямніцы Крэўскага замка : падарожжа па нашай гісторыі з Вітаўтам Вялікім / Анатоль Бутэвіч. − Мінск : Звязда, 2015. −174 с.

6. Дзярновіч, А. І. Крэўскі замак і старажытнае Крэва: праблемы датавання і культурныя асаблівасці / А. І. Дзярновіч // Беларускi гiстарычны часопiс. − 2017. − № 1. − C. 5−16.

7. Дзярновіч, А. І. Сценапіс Крэўскага замка: выяўленне і культурны канэкст помніка манументальнага жывапісу / А. І. Дзярновіч, Г. Міцкунайтэ // Бела-рускi гiстарычны часопiс. − 2017. − № 4. − C. 5−16.

8. Жилевич, А. А. Старинные замки Гродненщины / А. А. Жилевич // Пазаш-кольнае выхаванне. − 2010. − № 3. − С. 17−25. Есть сведения о Кревском замке.

10. Кревский замок // Города, местечки и замки Великого княжества Литов-ского : энцикл. / ред. совет: Т. В. Белова [и др.]. — Минск, 2009. − С. 81−183.

11. Кревский замок // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 266.

12. Кревский замок // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 310–311.

13. Кревский замок [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https:// ru.wikipedia.org/wiki/. – Дата доступа : 16.10.19.

14. Кушнярэвіч, А. Невядомыя помнікі гатычнага храмабудаўніцтва Беларусі / А. Кушнярэвіч // Беларускі гістарычны часопіс. − 2018. − № 6. − С. 3−10.

15. Мароз, В. К. З вякоў мінулых выплывае Крэва … / В. К. Мароз // Роднае слова. − 2017. − № 2. – С. 30−31.

16. Ткачев, М. А. Кревский замок / М. А. Ткачев // Замки Беларуси / М. А. Ткачев. – Минск, 2007. − С. 38−41.

17. Ткачоў, М. Крэўскі замак / М. Ткачоў, І. Чарняўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1996. – Т. 4. − С. 287−288.

18. Ткачоў, М. А. Руіны замка / М. А. Ткачоў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 328−329.

19. Фрагменты замка // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 429−431.

20. Чантурия, В. А. Крево / В. А. Чантурия // Архитектурные памятники Белоруссии / В. А. Чантурия. − Минск, 1982. − С.174−175.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe