Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (в. Дуды, Іўеўскі р-н)

Помнік драўлянай архітэктуры барока. Акрамя самабытнасці і прыгажосці, храм мае яшчэ і насычаную падзеямі гісторыю. Вядома, што першы касцёл у вёсцы з’явіўся ў 1608 г., пабудаваны на сродкі Яна Хадкевіча. Аднак храму не наканавана было захавацца да нашых дзён. У 1770 годзе ён быў знесены, так як знаходзіўся ў аварыйным стане. На яго месцы ў 1772 г. быў пабудаваны новы касцёл з дрэва, асвячоны ў 1781 г. біскупам Т. Зелянковічам. За сваю шматгадовую гісторыю храм ніколі не быў сур'ёзна пашкоджаны, усе войны абышлі яго бокам. Касцёл ніколі сур'ёзна не перабудоўвалі і не рэканструявалі, але пазбегнуць сумнай долі многіх касцёлаў і цэркваў яму не ўдалося. У 1959 годзе касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі, а будынак храма быў пераабсталяваны пад склад. У 1983 годзе касцёл быў вернуты Каталіцкай Царкве. Рэстаўрацыя храма была здзейснена ў 1990 годзе.

Двухвежавы 1-нефавы храм з 5-граннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Агульны 2-схільны ўвагнуты ў аснове гонтавы дах над апсідай пераходзіць у вальмавы. Шматпланавасць і дынамічны сілуэт галоўнаму фасаду надаюць бакавыя чацверыковыя шатровыя вежы і трохвугольны франтон паміж імі над цэнтральным шчытом. Першапачаткова трэція ярусы вежаў завяршаліся фігурнымі шатрамі з заломам і цыбулепадобнымі галоўкамі на 8-гранных барабанах. Вежачкай завяршаўся дах над прэсбітэрыем. Рысы барока праявіліся ў лучковым малюнку аконных праёмаў на фоне вертыкальнай шалёшкі. Імі рытмічна члянёны бакавыя фасады з вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі ў прасценках.

Корабавае скляпенне, размаляванае арнаментыкай у стылі мадэрн, аб’ядноўвае малітоўнцую залу і апсіду ў суцэльную дынамічна скіраваную да апсіды прастору. На фоне гарызантальнай шалёўкі сцен моцны архітэктурна-скульптурны акцэнт ствараюць 3 драўляныя барочныя алтары. Цэнтральны − двухярусны, узняты на высокі пастамент, вырашаны двума калонамі карынфскага ордэра, якія нясуць тонка прафіляваны антаблемент, фланкіраваны скульптурамі анёлаў. У завяршэнні алтара − прамавугольны пілястравы шчыт з гарэльефнай выявай “Укрыжаванне” і размалёўкай “Усёбачнае Вока” на скляпенні апсіды. Плоскасці алтара запоўнены накладной драўлянай разьбой. У яго цэнтры размешчаны абраз “Маці Божая з дзіцем” (XVIII ст.) у барочнай разной раме. Кампазіцыя і дэкор бакавых алтароў паўтараюць цэнтральны, але адрозніваюцца ракайльнымі фігурнымі шчытамі ў завяршэнні. Алтары ўпрыгожаны накладной пазалочанай драўлянай разьбой, якой пакрыта і кафедра драўлянага амбона. Над нартэксам балюстрадная галерэя хораў з арганам.

У нашыя дні касцёл у вёсцы Дуды застаецца дзеючым і знаходзіцца ў вельмі добрым стане. Тэрыторыя вакол храма акружаная каменнай агароджай, а побач з касцёлам захавалася двухярусная драўляная званіца, накрытая шатром, якая, гэтак жа як і храм, была ўзведзена ў XVIII стагоддзі. Дадзены храм з'яўляецца каштоўным архітэктурным помнікам.

Бібліяграфія:

1. Багласаў, С. Г. Касцёл Марыі / С. Г. Багласаў, В. В. Церашчатава // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 200−201.

2. Дудовский костёл Рождества Пресвятой Девы Марии // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 298.

3. Дуды : [Драўляны касцёл XVIII ст.] [Электронны рэсурс ]. − Рэжым доступу: https://vedaj.by/index.php/garady/grodna/iue/dudy. − Дата доступу: 01.04.2019.

4. Касцёл Марыі // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 378.

5. Касцёл Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Памяць : Іўеўскі раён : гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш.]. – Мінск, 2002. – С. 378−379.

6. Кулагін, А. М. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 135.

7. Сергачоў, С. А. Дудаўскі касцёл Марыі / С. А. Сергачоў // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 206−207.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe