Касцёл Св. Мікалая (в. Геранёны, Іўеўскі р-н)

Помнік архітэктуры ў стылі позняга барока з элементамі класіцызму. Узведзены ў 1519 г. з цэглы побач з замкам віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда як капліца. У 1537 годзе ў гэтым храме адбылося вянчанне Станіслава Гаштольда і Барбары Радзівіл. У сярэдзіне XVIII стагоддзя храм згарэў. З 1771 па 1779 год ішла яго рэканструкцыя і перабудова. У 1859 г. да апсіды прыбудаваны дзве сіметрычныя сакрысціі і капліца, побач з’явілася званіца. У 1883 г. пры ўваходзе створаны прытвор. У 1890 г. надбудаваны франтон, рэканструяваны алтарная частка і фасады.

Храм аднанефны, складаецца з прамавугольнага ў плане асноўнага аб’ёму, пяціграннай апсіды з бакавымі прамавугольнымі сакрысціямі і тамбура. Усе аб’ёмы накрыты двухсхільнымі дахамі. Над апсідай двухсхільны дах пераходзіць у вальмавы. Галоўны фасад двух’ярусны. Першы ярус расчлянёны пілястрамі і фланкіраваны контрфорсамі. Другі ярус аддзелены ад першага карнізам, расчлянёны плоскімі лапаткамі і прарэзаны ў цэнтральнай частцы прамавугольным акном.

Інтэр’ер зальны. Мураваныя алтары (цэнтральны і два бакавыя) выкананы ў стылі класіцізму. Цэнтральны алтар двух’ярусны, расчлянёны калонамі карынфскага ордэра і аформлены драўлянай паліхромнай скульптурай, гарэльефнай кампазіцыяй і жывапіснымі абразамі. Другі ярус алтара запоўнены абразам “Св. Мікалай”, завершаны фігурным шчытом са скульптурамі анёлаў. Паміж калонамі пастаўлены драўляныя скульптуры святых апосталаў Пятра і Паўла. Два бакавыя алтары па канструкцыйных асаблівасцях і дэкору паўтараюць цэнтральны. Дэкор аргана зроблены ў стылі ракако. Сюжэтныя і арнаментальныя матывы размалёўкі сцен і арачных праёмаў выкананы ў 1934 г. мастаком Чарнецкім з Вільні ў стылі “другога ракако”. У прасценках у арнаментальных медальёнах выявы евангелістаў. Канфігурацыя хораў захавала барочную крывалінейнасць, арган – ракайльную арнаментыку.

Побач з касцёлам, каля плябаніі ў пачатку XXI ст. пастаўлена капліца з цэглы і бетону са скульптурай Хрыста.

Бібліяграфія:

1. Багласаў, С. Г. Мікалаеўскі касцёл / С. Г. Багласаў, В. В. Церашчатава // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 199.

2. Габрусь, Т. В. Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл / Т. В. Габрусь, А. М. Кушнярэвіч // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 145.

3. Габрусь, Т. В. Саборы помняць усё: готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. – Мінск : Беларусь, 2007. – 165 с.Са зместу: [Касцёл св. Мікалая ў Геранёнах]. С. 83−84.

4. Гераненский костел святого Николая // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 125.

5. Гераненский костел святого Николая // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 285.

6. Касцёл Св. Мікалая // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В.Я.Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 377.

7. Кулагін, А. М. Касцёл святога біскупа Мікалая / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 89−90.

8. Кулагін, А. М. Касцёл святога Мікалая / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыкл. давед. / А. М. Кулагін ; маст. І. І. Бокі. – Мінск, 2000. – С. 36.

9. Смалянічэнка, А. А што там за тынкоўкай? : [касцёл св. Мікалая] / А. Смалянічэнка // Краязнаўчая газета. – 2011. – крас. (№ 15). – С. 5.

10. Смалянічэнка, А. Геранёнскі касцёл святога Мікалая: праз мінулае – да сучаснасці / А. Смалянічэнка // Іўеўскі край. – 2011. – 19 сак. – С. 12.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe