Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар бернардзінцаў (г.п. Іўе)

Першапачатковы аднанефавы храм узведзены ў 1499 г. па фундацыі троцкага ваяводы Пятра Яновіча. Касцёл пашыраны пры Мікалаю Кішку, які ў 1631 г. заснаваў пры касцёле з дазволу віленскага біскупа Абрама Войны кляштар бернардзінцаў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654−1667 гг. касцел спалены. Новы храм асвячоны ў 1787 г. У 1858 г. кляштар скасаваны. У XVIII ст. на галоўным заходнім фасадзе часткова зменены франтон і надбудаваны вежы, якія набылі выцягнутыя вертыкальныя прапорцыі і ўвянчаны фігурнымі галоўкамі. У XIX ст. да паўночнай сцяны касцёла прыбудавана капліца.

Архітэктура храма мае рысы готыкі, рэнесансу і ракако. Двухсхільны дах асноўнага аб’ёму пераходзіць у гранёнае пакрыццё больш нізкай пяціграннай апсіды з буйнымі контрфорсамі па вуглах. Сцены храма і апсіды ўзведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі. Лагічным працягам гэтай ступеньчатасці з’яўляецца вышынны франтальны фасад. Яго пластычная распрацоўка адлюстроўвае розныя этапы будаўніцтва: простая і строгая з выразнай пілястравай крапоўкай сцяны і яе падзелам карнізам на два ярусы — рэнесанс пачатку XVII ст., вытанчаныя і насычаныя вертыкальна выцягнутыя вежы з фігурнымі ківорыямі ў завяршэнні і фігурны шчыт паміж імі — ракако сярэдзіны XVIII ст. Цэнтральны ўваход вырашаны лучковым праёмам, над ім — вялікае паўцыркульнае акно. Абапал увахода размешчаны маленькія прамавугольныя вокны. Бакавыя сцены касцёла гладкія, прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і завершаны тонкім карнізам. Апсіда і вуглы асноўнага аб’ёму ўмацаваны магутнымі контфорсамі. У XIX ст. да паўночнай сцяны прыбудавана капліца.

Інтэр’ер асноўнага памяшкання падзелены чатырма слупамі на тры нефы. Над уваходняй часткай выцягнутыя ў плане хоры. Нефы і апсіда аднолькавай вышыні, перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У інтэр’еры шэсць алтароў: галоўны і пяць бакавых 2-й паловы XVIII ст. Галоўны алтар мураваны, двух’ярусны, раскрапаваны калонамі і пілястрамі, размаляваны пад мармур, завершаны шырокім карнізным поясам з лучковым франтонам. У алтарных праёмах размешчаны скульптуры св. Пятра і Паўла, у цэнтры — “Распяцце”. Бакавыя алтары драўляныя, дэкарыраваныя арнаментальнай разьбой і скульптурамі. У пачатку XX ст. сцены і скляпенні размаляваны ў карычнева-чырвонай і шэра-блакітнай тэме. Абразы канца XVIII ст. “Укрыжаванне з прастаячымі” і “Тройца новазапаветная”.

Архітэктура двухпавярховага жылога корпуса, які ўтварае прамавугольны ўнутраны двор з паўночнага боку касцёла, захоўвае рысы ранняга барока. Галерэяй, якая аб’ядноўвае келлі, корпус злучаны з апсідай. Сцены корпуса прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і завершаны карнізам. У інтэр’еры ўсходняга крыла будынка мастацкую каштоўнасць мае абліцоўка печы тэракотавай кафляй XVII ст. з раслінным і геаметрычным арнаментам.

Бібліяграфія:

1. Ансамбль былога кляштара бернардзінцаў // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 375−376.

2. Багласаў, В. А. Кляштар Бернардзінцаў / С. Г. Багласаў, В. В. Церашчатава // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 196−197.

3. Габрусь, Т. В. Саборы помняць усё: готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. – Мінск : Беларусь, 2007. – 165 с. Са зместу: [Касцёл св. Пятра и Паўла ў Іўі]. С. 35−37.

4. Ивьевский костел святых апостолов Петра и Павла и монастырь бернардинцев // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 226.

5. Ивьевский костел святых апостолов Петра и Павла и монастырь // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 306.

6. Казакова, І. В. Іўе / І. В. Казакова // Каменны пояс Беларусі / І. В. Казакова. − Мінск, 2009. − С. 93−95.

7. Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар бернардзінцаў // Памяць : Іўеўскі раён : гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш.]. – Мінск, 2002. – С. 377−378.

8. Костел Святых Апостолов Петра и Павла [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://ivje.gov.by/ru/kostel_ivie-ru/. – Дата доступа: 01.04.2019.

9. Кулагін, А. М. Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар бернардзінцаў /А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыкл. давед. / А. М. Кулагін; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 164.

10. Татаринов, Ю. А. Костел и монастырь бернардинцев / Ю. А. Татаринов // Города Беларуси. Гродненщина / Ю. А. Татаринов. − Минск, 2009. − С. 78−79.

11. Ярашэвіч, А. А. Іўеўскі касцел і кляштар бернардзінцаў / А. А. Ярашэвіч, В. В. Церашчатава // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 229−230.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe