Любчанскі замак (г. п. Любча, Навагрудскі р-н)

Помнік палацава-замкавага дойлідства канца XVI — 1-й паловы XVII стагоддзя. Фрагменты замка: дзве вежы, земляныя ўмацаванні з рэшткамі абарончых збудаванняў, былы палац, флігель. Любчанскі замак – адзін з апошніх помнікаў традыцыйнага замкавага будаўніцтва. Як і ўсё мястэчка, ён належаў магнацкаму роду Кішкаў. Пабудаваны ў 1581 годзе, пра што сведчыць знойдзены ў замку флюгер з выбітай датай і гербам Кішак. Ініцыятарам будаўніцтва быў магнат Ян Кішка. Да 1592 года належаў Яну Станіслававічу Кішку, затым яго брату Станіславу, а потым як пасаг яго дачкі Ганны перайшоў да Радзівілаў.

У пачатку XVII ст. замак значна перабудаваны новым уладальнікам князем Крыштафам Радзівілам. Любчанскі замкавы комплекс размешчаны на левым беразе Нёмана на насыпаным пагорку плошчай каля 0,7 га, які ўзвышаецца на 6-7 метраў над поймай ракі. У плане — прамавугольнік памерамі 64x87 м, чатыры вуглавыя вежы (на сённяшні дзень ацалелі толькі 2 вежы), палац (не збярогся) і крэпасныя сцены таўшчынёй 1,3 м утваралі замкнёны ўнутраны двор. З трох бакоў вакол замчышча быў абарончы роў шырынёй каля 30 м і глыбінёй да 7-10 м, а з чацвёртага боку замак прыкрываўся Нёманам. Такая замкнутая прасторавая кампазіцыя была тыповай для большасці палацава-замкавых ансамбляў XVI—XVII ст.

З паўднёвага захаду і паўднёвага ўсходу замчышча захаваліся дзе магутныя мураваныя вежы. Яны прызначаліся для жылля і абароны: вокны верхніх ярусаў мелі кругавыя байніцы і прыстасаванні для гарматнага бою. Першая вежа была варотнаю ў выглядзе куба, які на вышыні каля 8 м. пераходзіць у васьмігранную прызму. Аснова вежы – квадрат памерам 9,8x9,8 м. Вежа мела чатыры ярусы бою. На першым і трэцім ярусах было па восем байніц для стрэльбаў, на другім – 12. Вежы складзены з цэглы і валуноў. Вокны 2—3-га ярусаў былі прыстасаваныя для гарматнага бою, круглыя байніцы ўверсе — для ружэйнага. Астатнія паверхі выкарыстоўваліся як жылыя і падсобныя памяшканні. Перакрыцце першага яруса — скляпеністае, другога і трэцяга — бэлечнае. У вежы знаходзіцца брама і меўся пад'ёмны драўляны мост. У мінулым толькі праз яе можна было трапіць ва ўнутраны двор замка. Вежу ўпрыгожваў флюгер з гербам Радзівілаў. Археолагі ўстанавілі, што вежу закрывала некалі моцная дубовая брама, у падмурках-сутарэннях месціліся скарбніца і турма. Справа ад уваходу месцілася варта – кардыгарда, а на сцяне, павернутай у бок двара, − гадзіннік з боем.

Па сваёй аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі гэтая вежа вельмі падобная да вежаў Мірскага, Навагрудскага і Віцебскага замкаў. Змешаная готыка-рэнесанская муроўка дазваляе надзейна датаваць вежу 2-й паловай ХVІ стагоддзя. Пра гэта сведчыць і знойдзены флюгель-ветранік з лічбай “1581”. Згодна інвентару 1601 г., варотная вежа Любчанскага замка мела наверсе “светлицу” і сховішча для “стрельбы”, “баню”, пакрытую “железом белым”, а таксама “звон на зегар завешаны”.

На чацвертай дзялянцы знаходзілася вуглавая паўднёва-ўсходняя каменная вежа. У аснове вежы закладзены квадрат 8,9x8,9 м. Яна была трох’яруснай. На першым паверсе меліся чатыры байніцы для стрэльбаў, на другім − чатыры гарматныя, на трэцім – 12 байніц для стрэльбаў. Цокальны паверх вежы ў 1601 г. займаў вінны склеп з драўлянымі дзвярыма на завесах і жалезнай кратай. На ўчастку ад гэтай вежы і да ўязной брамы стаяў ”дом на падклеце”, тры “гмахі” і “дварэц”, дзе жылі ўраднікі, а побач – замкавы бровар. На гербе Любчы, атрыманым мястэчкам у 1644 годзе, адлюстраваны дзве вежы. Паводле інвентароў і графічных матэрыялаў, у Любчанскім замку ў XVII стагоддзі было чатыры вежы, кожную з якіх упрыгожвалі флюгеры з гербамі Радзівілаў. У XVIII стагоддзі замак страціў абарончае значэнне.

У 1864−1870 гг. на тэрыторыі Любчанскага замка быў пабудаваны палац. Мураваны палац з рысамі несапраўднай готыкі меў сіметрычную трохчасткавую кампазіцыю, якую стваралі прамавугольныя ў плане бакавыя аднапавярховыя накрытыя двухсхільнымі дахамі крылы (галоўны двухпавярховы аб'ём з вальмавым дахам). Фасады галоўнага аб'ёма былі вылучаныя рызалітамі: паўночна-ўсходнім, які завяршаўся трохвугольным франтонам, паўднёва-заходнім і цэнтральным, які завяршаўся парапетам. У месцах раскрапоўкі і на вуглах размяшчаліся вежы, аформленыя зубцамі. Сцены тарцоў бакавых крылаў завяршалі ступеньчатыя франтоны з прамавугольнымі праёмамі. Прамавугольныя вокны палаца былі ўпрыгожаныя сандрыкамі. У галоўным аб'ёме (калідорная планіроўка) размяшчаліся залы і жылыя пакоі, у бакавых крылах — гаспадарчыя памяшканні. Інтэр'еры залаў і пакояў мелі багатую лепку, кафляныя печы. Тры лесвіцы, якія вялі з першага на другі паверх, былі ўпрыгожаныя балясінамі. Замак часткова быў разбураны ў гады Першай сусветнай вайны.

У 1947−1949 гг. з выкарыстаннем фундаментаў і фрагментаў сцен палаца пабудавана сярэдняя школа .

У 2003 годзе ўтварыўся дабрачынны фонд «Любчанскі замак», які сіламі валанцёраў-энтузіястаў праводзіць аднаўленне замка.

Бібліяграфія:

1. Адамовіч, С. П. Любчанскі палац / С. П. Адамовіч // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. М. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 270.

2. Аляксееў, Л. В. Гродна і помнікі Панямоння / Л. В. Аляксееў. – Мінск : Бел. навука, 1996. – 191 с. Са зместу: [Замак у Любчы]. С. 110−111.

3. Амеліна, Д. Прыцягвае Любчанскі замак / Д. Амеліна // Новае жыццё (Навагруд. р-н). − 2013.− 6 ліст. − С. 4.

4. Габрусь, Т. В. Любча / Т. В. Габрусь // Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь [і інш]. – Мінск, 2003. – С. 19−20.

5. Любчанскі замак // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. − Мн., 2006. – Т. 2. − С. 230.

6. Любчанскі замак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1997. – Т. 4. – С. 414−415.

7. Любчанскі палацава-замкавы комплекс // Культура Беларусі : энцыкл. / рэдкал.: В. В. Калістратава (гал. рэд.) [і інш.] – Мінск, 2014. – Т. 5. – С. 188.

8. Любчанский замок. Городской посёлок Любча Новогрудского района Гродненской области // Беларусь замковая = Belarus ― the land of castles : фотоальбом / сост.: О. Д. Баженова, Т. В. Белова ; редкол.: Е. С. Аксенова (гл. ред.) [и др.]. − Минск, 2015. – С. 148−165.

9. Любченский замок // Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энцикл. / ред. совет: Т. В. Белова [и др.]. − Минск , 2009. – С. 200−201.

10. Любченский замково-парковый комплекс // Регионы Беларуси: энцикл.: в 7 т./ редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2015. – Т. 4, кн. 2. – С. 56−57.

11. Пракопчык, Л. “Дрэмле памятка дзён …” : краязн. нарысы / Л. Пракопчык. – Мінск : Полымя 1991. – 174 с.Са зместу: [звесткі пра брамную вежу і Любчанскі замак]. С. 42−45.

12. Ткачев, М. А. Замок в Любче / М. А. Ткачев // Замки Беларуси / М. А. Ткачев. – Минск, 2005. – С. 142−144.

13. Ткачоў, М. А. Абарончыя збудаваннi заходнiх зямель Беларусi XIII-XVIII стст. / М. А. Ткачоў – Мінск : Навука і тэхніка, 1978. − 142с. Са зместу: [Замак у Любчы]. С. 71−72.

14. Ткачоў, М. А. Любчанскі замак / М. А. Ткачоў // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. М. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 270.

15. Федорук, А. Т. Дворцово-замковый ансамбль в Любче: владельцы, история формирования и композиционно-стилевые особенности / А. Т. Федорук // Замкі, палацы і сядзібы ў кантэксце еўрапейскай культуры : зб. навук. арт. / рэдкал.: В. М. Папко [і інш.]. − Мінск, 2013. − С. 224−232.

16. [Фрагменты замка: дзве вежы, земляныя ўмацаванні з рэшткамі абарончых збудаванняў, былы палац, флігель] // Дзяржаўны спіс гісторыка- культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 401−402.

17. Шумская, И. Дорогами князей, магнатов и поэтов: Новогрудский и Любчанский замки / И. Шумская // Шедевры нашей старины / И. Шумская. – Минск, 2014. – С. 38−48.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe