Мазаічная выява на фасадзе капліцы-пахавальні замкавага комплексу “Мір”
Фамільная пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх (Мірская капліца) была пабудавана ў 1904 годзе архітэктарам Р. Марфельдам. Асноўны аб’ём прамавугольны ў плане са зрэзанамі з паўночнага боку вугламі і 5-гранёнай апсідай. Галоўны фасад мае асіметрычна-дынамічную аб’ёмна-прастораваю кампазіцыю, дамінантай якой з’яўляецца вежа-званіца (3-ярусная, 4-гранная завершаная купалам). Фасад раскрапаваны рызалітам і аздоблены вялікім паліхромным (сіні, вохрысты, залацісты колеры) мазаічным пано “Хрыстос Уседзяржыцель” аб’ёмным чаканным гербам-картушам князёў Мірскіх.
Глыбокі партал увахода размешчаны ў нізкім прытворы з вуглавымі контрфорсамі. Насычанае каларыстычнае вырашэнне фасадаў ствараецца спалучэннем чырвонай цэглы, белых дэталей архітэктуры дэкору (паўкалонкі, ізумрудна руставаныя ліштвы акон, карніз з сухарыкамі і інш.), шэраг бетону, паліхромнай бутавай муроўкі цокаля, паліхромнай мазаікі. Зала перакрыта самкнутым 4-гранным скляпеннем з арнаментальнай фрэскавай размалёўкай, асвятляецца двума высокімі арачнымі вокнамі. Крыпта мае крыжовыя скляпенні на падпружных арках і злучана з ярусамі вежы драўлянымі вітымі ўсходамі. У зале і крыпце грубкі, абліцаваныя кафляй.
Пахавальня — помнік архітэктуры мадэрна.
Бібліяграфія:
1. Казакова, І. В. Мір / І. В. Казакова // Каменны пояс Беларусі / І. В. Казакова. − Мінск, 2009. − С. 15−20.
2. Кулагін, А. М. Капліца-пахавальня / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. давед. / А. М. Кулагін ; маст. І. І. Бокі. – Мінск, 2001. – С. 137.
3. Кулагін, А. М. Капліца-пахавальня / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. давед. / А. М. Кулагін. – Мінск, 2007. – С. 279.
4. Кулагін, А. М. Мірская капліца / А. М. Кулагін // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 346−347.
5. Мазаічная выява на фасадзе капліцы-пахавальні замкавага комплексу “Мір” // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 381.
6. Мирская часовня-усыпальница // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 317.
7. Мирский замково-парковый комплекс // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 344.
8. Палацава-замкавы комплекс / А. Я. Міцянін [і інш.] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 216−218.