Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча
Помнік сядзібна-паркавай архітэктуры XIX стагоддзя. Гэта адзіная ўцалелая сядзіба беларускага пісьменніка таго часу. Музей размешчаны ў хаце, якую пабудаваў беларускі пісьменнік Францішак Багушэвіч у 1896 годзе.
У 1749 годзе маёнтак Кушляны быў куплены прапрадзедам Ф. Багушэвіча. Тут прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады паэта. Падчас вучобы ў Віленскай гімназіі (1852-1861 гг.), Францішак не парываў з домам. У любую вольную хвіліну ён ехаў да бацькоў, бавіў тут канікулы. Больш за дваццаць гадоў паэт вымушаны быў жыць далёка ад радзімы, але марыў ён заўсёды пра ўласную хату ў Кушлянах. Мара яго збылася толькі на схіле гадоў. Атрымаўшы ў 1896 годзе ў спадчыну добрую суму грошай, Францішак Багушэвіч нарэшче будуе ў Кушлянах свой дом. Але толькі праз два гады ён цалкам вызваляецца ад сваёй адвакацкай дзейнасці і канчаткова пасяляецца на бацькаўшчыне. У 1898 годзе Ф. Багушэвіч пераехаў у Кушляны на сталае жыхарства, дзе правёў свае апошнія гады. Падчас Першай сусветнай вайны сядзіба выкарыстоўвалася як нямецкі палявы шпіталь, непадалёк размясціліся ваенныя могілкі. Нашчадкі Францішка Багушэвіча рэдка завітвалі сюды, таму будынкі захаваліся амаль у першапачатковым выглядзе. Ад сядзібы Багушэвічаў з 19 ст. захаваліся таксама каменная адрына, альтанка, парк і каштанавая алея. Паводле падання, альтанка была зроблена Ф. Багушэвічам і яго сябрамі у памяць ахвяр паўстання 1863-1864 гг. Недалёка ад сядзібы знаходзіцца камень з мемарыяльным надпісам “Памяці Мацея Бурачка. 1900 г.”, устаноўлены мясцовымі жыхарамі ў гонар паэта.
Пасля пераходу сядзібы ва ўласнасць дзяржавы тут размясцілася сельская бібліятэка імя Францішка Багушэвіча. Да 150-годдзя пісьменніка будынкі былі адноўлены ў адпаведнасці з іх выглядам у канцы ХІХ стагоддзя і ўнутры размясціліся экспазіцыі музея. Захаваўся стары парк на сядзібе. Ёсць у ім дрэвы з XVIII ст. і з XIX ст. Сядзіба і сёння дае магчымасць уявіць, як выглядаў шляхецкі маёнтак у XIX ст. У музеі экспануюцца рэчы, якія належалі роду Багушэвічаў: пісьмовы стол, крэслы, рукапісы. Не так даўно належнае месца сярод экспанатаў занялі і родавыя медальёны сям’і Багушэвічаў з XVIII ст. з часцінкамі мошчаў святых, якія былі прывезены Багушэвічамі з месцаў паломніцтва ў розныя часы. Гэтыя медальёны ахоўвалі род Багушэвічаў на працягу стагоддзяў ад хваробаў і няшчасцяў.
З 2001 года музей з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. У адпаведнасці з рашэннем Навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь 29.07.2005 года музейнаму комплексу нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Бібліяграфія:
1. Бібікава, А. У Кушляны да Мацея Бурачка / А. Бібікава // Гродзенская праўда. – 2019. – 20 сак. – С. 31.
2. Іпатава, В. Сядзiба Францiшка Багушэвiча ў Кушлянах / В. Iпатава // Краязнаўчая газета. – 2006. – № 2. – C. 8.
3. Кісялёў, Г. Багушэвіч у Кушлянах / Г. Кісялёў // Памяць. Смаргонскі раён : гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [рэдкал.: Пашкоў Г. П. (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 133−135.
4. Лаптенок, И. Б. Богушевича Ф. К. Музей-усадьба “Кушляны” / И. Б. Лаптенок // Регионы Беларуси : энцикл.: в 7 т. / редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2015. – Т. 4, кн. 1. – С. 62−64.
5. Лапцёнак, І. Б. Багушэвіча Ф. К. Музей-сядзіба “Кушляны” / І. Б. Лапцёнак // Музеі Беларусі : давед. выд. / [рэд. савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа, М. Г. Нікіцін]. – Мінск, 2008. − С. 77−80.
6. Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны” [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу: http://bellitmuseum.by/muzey-syadziba-frantsishka-bagushevicha-kushlyanyi . − Дата доступу: 13.06.2019.
7. Музей-усадьба Ф. К. Богушевича “Кушляны” // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 373.
8. Саламевіч, А. Чароўная дудка Багушэвіча / А. Саламевіч // Туризм и отдых. – 2010. – 17 июня. – С. 35.
9. Содаль, У. Блаславёныя Кушляны / У. Содаль. − Мінск : Кнігазбор, 2009. − 144 с.
10. Содаль, У. I. Кушлянскi кут / У. Содаль. − Мінск : Полымя, 1990. – 63 с.
11. Цвiрка, К. Кушляны / К. Цвiрка // Камянi тых сядзiбаў / К. Цвірка. – Мінск, 2004. – С. 249–256.