Касцёл Святога архангела Міхаіла

Пабудаваны ў 1837 г. з цэглы і дрэва на месцы храма 1715. Закрыты пасля Вялікай Айчыннай вайны, вернуты парафіянам і адрамантаваны ў 1989-90 гг.

Помнік архітэктуры з утрыраванымі формамі класіцызму. Прамавугольны ў плане накрыты двухсхільным дахам аб’ём з трохграннай апсідай. На фасадах будынка вылучаны канструкцыйны каркас у выглядзе цагляных слупоў. Драўляныя просценкі вертыкальна ашаляваны і прарэзаны прамавугольнымі і арачнымі аконнымі праёмамі, паўкруглымі люкарнамі ( на фасадзе). Фасад вылучаны чатырмя прысценнымі калонамі і завершаны трохвугольным франтонам з чатырохграннай шатровай вежачкай-званічкай над ім.Над апсідай вальма даху завершана чатырохслуповай шатровай сігнатуркай.

Унутраная прастора падзелена чатырмя гранёнымі слупамі на тры нефы. Алтарнай перагародкай аддзелены аб’ём апсіды з бакавымі сакрысціямі. Над уваходам – хоры на дзвюх калонах.

Перад храмам асобна пастаўлена мураваная трох’ярусная чатырохгранная шатровая званіца.

Адрас: Гродзенская вобласць, Лідскі раён, в. Няцеч.

Бібліяграфія:

1. Касцёл Св. Міхаіла // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 389.

2. Касцёл Святога Міхаіла архангела // Памяць. Лiда. Лiдскi раён : гiст.-дакум. хронiкi гарадоў i раёнаў Беларусi / рэдкал.: В.Г.Баранаў [і інш.]. – Мінск, 2004. – С.500.

3. Кулагін, А. М. Касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С.243–244.

4. Кулагін, А. М. Касцёл святога архангела Міхаіла / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 257.

wwe wwe wwe wwe