Новы замак
Новы замак у Гродна — адзін з буйнейшых помнікаў палацава-сядзібнай архітэктуры сярэдзіны XVIII ст.
Рашэнне аб будаўніцтве ў Гродне новага каралеўскага палаца было прынята на сейме 1726 г. пры каралі Аўгусце II Моцным. А ў 1738 г. пры Аўгусце ІІІ пачалося будаўніцтва замка па праекту нямецкага архітэктара М. Д. Пёпельмана ў стылі ракако. Пазней аднаўленчыя работы палаца праводзілі I.Х. Яўх, А. Рашкевiч, а ў 1780-я гг. Дж. Сака.
Пад адным дахам размяшчаліся апартаменты караля і залы для правядзення генеральных сеймаў Рэчы Паспалітай. Галоўны двухпавярховы будынак быў вытрыманы ў выглядзе літары “П” са строга прамымі вугламі і ствараў парадны ўнутраны двор – курданёр, які замыкаўся дзвюма аднапавярховымі пабудовамі з высокімі чатырохсхільнымі дахамі. Інтэр’ер палаца вылучаўся багаццем дэкаратыўнай апрацоўкі. 3 асаблівай раскошай былі ўпрыгожаны Сенатарская, Пасольская і Авальная залы: жывапіс, разьба, пазалочаная лепка, паркетная падлога.
У 1750 г. пабудавана капліца, крытая купалам, якая да нашых дзён не захавалася.
У XVII ст. быў пабудаваны барочны мост-віядук, які злучае Стары замак з Новым замкам і горадам. Ён захаваўся да нашых дзён і лічыцца самым старым у Беларусі.
Гісторыя Новага замка цесна звязана з апошнім польскім каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім. У Сенатарскай зале Новага замка, у ноч з 23 на 24 верасня 1793 г. праходзіла так званае “нямое пасяджэнне” Сейма, на якім паслы ў знак пратэсту моўчкі прынялі падзел дзяржавы. Гэтая падзея выклікала вясной 1794 г. пачатак паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. У 1795 г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў Новым замку падпісаў акт адрачэння, які стаў апошняй кропкай у гісторыі Рэчы Паспалітай.
Пасля ад’езду Панятоўскага ў 1797 г. у Пецярбург гродзенскія замкі былі перададзены рускаму ваеннаму ведамству. У 1831 г. у некаторых памяшканнях палаца ўтрымліваліся асуджаныя да высылкі ў Сібір паўстанцы.
З 1831 г. да сярэдзіны XX ст. у Новым замку знаходзіўся вайсковы шпіталь.
Падчас баёў за вызваленне Гродна летам 1944 г. замкавыя муры былі моцна пашкоджаны: буйны пажар знішчыў практычна ўсе ўнутраныя памяшканні палаца, дах і капліцу. Ацалелі толькі флігелі і ўязная брама са сваімі скульптурамі.
Адразу ж пасля заканчэння вайны Новы замак пачалі аднаўляць у стылі "сталінскага ампіру". У 1952 г. замак быў адноўлены па праекту савецкага архітэктара У.М. Вараксіна. Свой першапачатковы выгляд захавалі толькі скульптуры сфінксаў і ўязная брама.
Са снежня 1952 г. па 1990 г. у Новым замку размяшчаўся Гродзенскі абласны камітэт КПБ.
З 1991 г. і па сённяшні дзень цэнтральны і левы корпус Новага замка займае УК “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей”, правае крыло ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага” (займала да 2020 года).
Адрас: 230023, г. Гродна, вул. Замкавая, 20.
ДУК “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей”. Экспазіцыя працуе штодзённа з 10 да 18 гадзін. Выхадны панядзелак.
ДУК “ГрГАМ” museum-grodno.by/ru/
Бібліяграфія:
1. Гродненский королевский дворец / Гродненский Новый замок // Туристическая энциклопедия Беларуси. – Мн.: БелЭн, 2007. – С.158
2. Гродненский Новый замок, Гродненский королевский дворец // Республика Беларусь: ЭНцикл.: в 6 т. Т.3. – Мн, 2006. – С. 242-243
3. Каралеўскія замкі Гродна / ДУК "Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага". - Гродна, 2012. - 2 с.
4. Кітурка, Ю. В. Гродзенскія замкі : гісторыка-архітэктурны нарыс / Ю. В. Кітурка, В. М. Царук ; [пераклад на англійскую мову В. В. Ратнікавай ; фота А. М. Фёдарава, М. В. Анішчанкі]. - 4-е выд.. - Слонім : Слонімская друкарня, 2011. - 43, [1] с.
5. Краўцэвіч, А. Гродзенскі замак : нарыс / Алесь Краўцэвiч. - Мн. : Юнацтва, 1993.- 47,[1]с.
6. Краўцэвіч, Алесь Канстанцінавіч. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст. : Планiроўка, культ. слой. - Мн. : Навука i тэхнiка, 1991.- 172с.
7. Ткачев, Михаил Александрович. Замки Беларуси / М.А.Ткачев. - Мн. : Беларусь, 2007.- 200с.
8. Трусаў, А. А. Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі / Алег Трусаў. - Мінск : Харвест, 2015. - 463 с.
9. Чантурия, В. А. Архитектурные памятники Гродно / В. А. Чантурия. - Минск : Полымя, 1983. - 29, [2] с.