Рэшткі замка (г. Навагрудак)

Замак з’яўляўся старажытным цэнтрам Навагрудка і рэзідэнцыяй заходня-рускіх і літоўскіх князёў. Размяшчаўся на ўзгорку вышынёй 20 м, так званай Замкавай гары. Унікальны помнік абарончага дойлідства эпохі сярэднявечча. Пабудаваны ў XIII – XVI стагоддзях, ён быў адным з самых магутных на беларускіх землях. У яго сценах праходзілі дзяржаўныя сеймы, сустрэчы паслоў і каралёў. Вядома, што ў канцы XIII – XIV стст. замак ні разу не быў узяты варожымі войскамі.

Каменны замак у Наваградку складаецца з двух пляцовак: дзядзінца (Замкавай гары) з рэшткамі каменнага замка і вакольнага горада (Малога замка). Устаноўлена, што з пачатку XI ст. і да сярэдзіны XIII ст. на валах старажытнага Навагрудка стаялі драўляныя сцены, якія аднаўляліся не менш за пяць разоў. У другой палове XIII ст. былі збудаваны моцныя дубовыя зрубы-гародні з двайной пярэдняй сценкай. Тады ж была ўзведзена першая каменная вежа з вялікіх часаных камянёў, складзеных на вапне. Вежа стаяла з паўночнага боку замка і замыкала кальцо землянога вала XIII ст. Сёння яна знаходзіцца пад зямлёй на глыбіні 7,5 м, а на ёй, як на надзейным і моцным падмурку, размешчана цагляная вежа Шчытовая (Шчытоўка). У пачатку XIV ст. у замку пабудавалі каменную царкву, якая потым шмат перабудоўвалася. У сярэдзіне XIV ст. каля царквы быў пабудаваны двухпавярховы каменны палац.

У 1314 г. атрад крыжакоў на чале з магістрам Генрыкам фон Плоцке асадзіў Навагрудак. Захопнікі спалілі горад, а жыхары зачыніліся ў сваім замку і мужна бараніліся. Гэтак жа марна закончыліся намеры крыжакоў у 1391 г. і ў 1394 г. Магчыма, пад час гэтых паходаў старая мураваная вежа (12х12) усё ж была моцна пашкоджана, што прымусіла жыхароў Навагрудка збудаваць новую, але ўжо цагляную вежу. Яна ўвайшла ў гісторыю замка пад назвай Шчытоўка, Шчытавая, Цэнтральная. Яна мела меншыя памеры (11,4х11,4 м), вышыня сцен каля 25 м. Па форме вежа нагадвала чатырохгранную прызму, якая паступова звужалася і патанчалася на корпус. Таўшчыня яе сцен на ўзроўні першага паверха была 2.75 м, на ўзроўні другога — 2,6 м. Вежа была накрыта чатырохсхільным дахам. Яна стала надзейным вартавым і шчытом сярэдневяковага горада.

У XVI ст. Навагрудскі замак быў сямівежавым і лічыўся адным з самых магутных для свайго часу. Ён быў дадаткова абаронены ўмацаваннямі з паўночнага і паўночна-заходняга бакоў. Там знаходзіўся вялікі земляны вал і абарончы роў шырынёй да 30 м і глыбінёй да 4 м.

У час руска-польскай вайны 1654–1667 гг. рускія войскі двойчы бралі Навагрудак. У 1655 г., у пачатку верасня, яго занялі казакі I. Залатарэнкі. Пры гэтым замак і горад вельмі пацярпелі пад час асады. Часткова адноўлены ў 1660 г. замак зноў быў заняты войскамі князя А. І. Хаванскага — на гэты раз без бою: наёмны гарнізон, які не атрымаў своечасова плату за службу, адчыніў браму ворагу. Вежы замка Меская, Калодзежная, Малая брама і Пасадская, а таксама праслы сцен былі разбураны да падмуркаў. З прычыны моцных разбурэнняў і спусташэння Навагрудка сейм Рэчы Паспалітай у 1661 г. вызваліў горад ад падаткаў на чатыры гады. Канчаткова ўдар па замкавых мурах нанеслі шведы ў 1706 г. у час Паўночнай вайны 1700–1721 гг.

У царскай Расіі не клапаціліся аб ахове старажытных помнікаў ваеннага дойлідства. Аб гэтым сведчыць цікавы факт, які датычыцца Навагрудскага замка. У 1802 г. гродзенскі губернатар Бенігсан даў дазвол навагрудскаму гараднічаму Скалону разабраць рэшткі замкавых вежаў з умовай, што каменем з іх вымасцяць вуліцы горада. Відаць работа ішла марудна, бо ў 1828 г. у данясенні Літоўска-Гродзенскаму губернскаму праўленню паведамлялася, што ў Навагрудскім старажытным замку яшчэ ёсць “две башни довольно… крепкие, немного вверху поврежденные”. На працягу XIX стагоддзя былі разабраны рэшткі адной вежы, а ў 1906 годзе абвалілася і Касцельная вежа. У канцы XIX ст. на тэрыторыю замчышча праз пралом у мурах пачалі звозіць з усяго Навагрудка смецце, якое пакрыла больш як двухметровым пластам руіны старажытных пабудоў. У гады Першай сусветнай вайны абвалілася паўднёвая сцяна Шчытоўкі.

Толькі ў 1921 г. Навагрудскі замак быў нарэшце ўзяты пад ахову, а ў наступныя 1922–1930 гг. праведзена частковая кансервацыя ўцалелых рэшткаў вежаў. Прычым сцены Касцельнай вежы былі фактычна складзены нанава.

З 1956 годзе Навагрудак і яго замак сталі аб’ектам увагі археолагаў, якія адкрылі нямала новых старонак гісторыі горада. Да нашых дзён дайшлі руіны Шчытовай і Касцельнай вежаў. Яны з’яўляюцца папулярным турыстычным аб’ектам. На тэрыторыі замка штогод праходзяць рыцарскія фестывалі, сведкамі якіх становяцца тысячы гледачоў.

Навагрудскі замак патрабуе кансервацыі.

Бібліяграфія:

1. Аляксееў, Л. В. Навагрудак і ваколіцы / Л. В. Аляксееў // Гродна і помнікі Панямоння / Л. В. Аляксееў. – Мінск, 1996. – С. 97–114.

2. Бубенька, Т. С. Новагародскі замак / Т. С. Бубенька, А. А. Мяцельскі // Гісторыя Навагрудка – з глыбінь вякоў да нашых дзён / рэдкал.: М. П. Касцюк (гал. рэд.). – Мінск, 2014. – С. 76–93.

3. Вяршыцкая, Т. Новы погляд на гісторыю Наваградскага замка / Т. Вяршыцкая // Беларускi гiстарычны часопiс. – 2007. – № 7. – C. 44–47.

4. Гайба, М. Сем вежаў Навагрудка / М. Гайба // Культура. – 2010. – № 26. – C. 22.

5. Гусева, Е. 900 лет из жизни Новогрудка / Е. Гусева // Планета. – 2015. – № 2. – С. 50–57.

6. Новогрудские замки // Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энцикл. / ред. совет: Т. В. Белова (пред.) [и др.]. – Минск, 2009. – С. 237–238.

7. Новогрудские замки // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 324.

8. Новогрудские замки // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 397.

9. Новогрудский замок: история строительства, находки и легенды [Электронный ресурс]. − Режим доступа: https//belvisit.com/novogrudskij-zamok.html. – Дата доступа: 26.03.2019.

10. Татаринов, Ю. Новогрудок или Новогородок / Ю. Татаринов // Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях : города-музеи. – Минск, 2016. – С. 279–303.

11. Ткачев, М. А. Новогрудский замок / М. А. Ткачев // Замки Беларуси / М. А. Ткачев. – Минск, 2007. – С. 16–25.

12. Ткачоў, М. Навагрудскі замак / М. Ткачоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Мінск, 1999. – Т. 5. – С. 259–260.

13. Чантурия, В. А. Новогрудок / В. А. Чантурия // Архитектурные памятники Белоруссии / В. А. Чантурия. – Минск, 1982. – С.157–161.

14. Чантурия, В. А. Новогрудок / В. А. Чантурия // Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии / В. А. Чантурия. – Минск, 1986. – С.159–163.

wwe wwe wwe wwe wwe