Руіны былога замка Сапегаў з фрагментамі абарончых збудаванняў

Паселішча Гальшаны з драўляным замкам, вядомае па летапісах з XIII cт., узнікла на высокай самароднай гары па-над р. Карабель, на паўночны ўсход ад мястэчка Гальшаны. Князі Гальшанскія валодалі замкам да 1525 г., а потым, пасля шлюбу князёўны Алены Гальшанскай з Паўлам Сапегам, ён перайшоў у валоданне Сапегаў. Пры Сапегу рэзідэнцыю перанеслі на бераг р. Луста (Жыганка).

Гальшанскі мураваны замак узведзены ў першай палове XVII cт. Сваёй кампазіцыяй ён аддалена нагадвае Мірскі замак і ўяўляе сабой прамавугольны замкнуты будынак.

Па ўсім перыметры будынка прамавугольныя і арачныя вокны. Сцены мелі фігурную муроўку, аздобленую лепкай. На узроўні 2-га паверха паўночна-заходняга крыла з боку двара праходзіла адкрытая галерэя. На першым паверсе была размешчана вялізарная амаль квадратная зала з 4 слупамі ў цэнтры, перакрытая крыжовымі скляпеннямі. Інтэр’еры палаца былі багата аздоблены. Значную дэкаратыўную ролю выконвалі кафляныя грубкі, абрамленні камінаў і столі ў тэхніцы стука, падлога памяшканняў з керамічных тэракотавых і паліваных зялёных крыжазоркападобных, квадратных і прамавугольных плітак. Меў вялікія падвалы, перакрытыя скляпеннямі. Вуглы палаца былі фланкіраваны 6-граннымі вежамі.

Жылыя карпусы з вежамі на вуглах утвараюць замкнёны квадратны двор. Аднак магутныя абарончыя сцены, характэрныя для замкавага будаўніцтва XVI cт., у Гальшанах саступілі месца фасаду жылога дома. Тут ужо няма надбрамнай вежы, а вуглавыя шасцікантовыя вежы сталі меншыя і больш стройныя. У іх размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя памяшканні. Уязная брама размяшчалася па цэнтры аднаго з доўгіх фасадаў, які з гэтага боку вызначаецца манументальнай прастатой. Насупраць замкавай брамы, на процілеглым баку падворка, знаходзілася невялікая каплічка, убудаваная ў жылы корпус. Кампазіцыя вонкавага фасада Гальшанскага замка нагадвае адначасныя галандскія замкі Бэсенштэен і Клейдаель пад Антверпенам.

Ужо ў XVII ст. Гальшанскі замак ад Сапегаў трапіў да іншых гаспадароў і на працягу стагоддзяў часта пераходзіў з рук у рукі. У 1880 г. уладальнік замка Гарбанёў пачаў узрываць вежы і сцены, а цэглу прадаваў на пабудову карчмы. Палац перабудоўваўся ў 18−20 стагоддзях, што змяніла яго аблічча і аб’ёмна-планіровачную кампазіцыю.

Замак збярогся часткова.

Бібліяграфія:

1. Ткачоў, М. А. Руіны замка / М. А. Ткачоў, І. М. Чарняўскі // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 102−103.

2. Руіны былога замка Сапегаў з фрагментамі абарончых збудаванняў // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я.Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 339.

3. Вярцінскі, Р. Э. Помнікі гісторыі і культуры Ашмяншчыны − каштоўныя тварэнні рук нашых продкаў і сучаснікаў / Р. Э. Вярцінскі // Ашмяншчына: гісторыя і сучаснасць: матэрыялы навук.-практ. краязн. канф. / рэдкал.: Ф. Э. Вярцінскі [і інш.]. − Гродна−Ашмяны, 1995. − С. 10.

4. Чарняўскі, І. М. Гальшанскі замак / І. М. Чарняўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мінск, 1994. – Т. 2. / рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – С. 460−461.

5. Помнікі архітэктуры, гісторыі і культуры, памятныя мясціны Ашмяншчыны // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мінск, 2003. – С. 622.

6. Гольшанский замок // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]; под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 134.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe