Слонімская аўстэрыя

Помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў другой палове XVIII ст. Былы заезны дом пры палацы слонімскага старасты М.К. Агінскага. Спачатку быў двухпавярховы. У XX ст. надбудаваны трэці паверх, завершаны двухсхільным дахам. Галоўны фасад прамавугольнага ў плане будынка раскрапаваны руставанымі лапаткамі і расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

На першым паверсе знаходзілася гасціная, перакрытая 4-ветразевымі скляпеннямі з апорай. Пад гэтай часткай дома размешчаны шырокія падвалы. Цэнтральная лесвіца вядзе з вузкага вестыбюля на другі жылы паверх. Цяпер у будынку знаходзіцца навучальная ўстанова.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 71 ад 28.02.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, г. Слонім, вул. Савецкая, 10.

Бібліяграфія:

1. Будынак былога заезнага дома (“Аўстэрыя”) // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 416.

2. Слонімская аўстэрыя // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 442.

3. Слонімская аўстэрыя // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 294.

4. Слонімская аўстэрыя // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Слонімскага раёна / рэдкал.: [Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 679.

wwe wwe wwe