Свята-Мікалаеўскі сабор і кляштар францысканцаў (г. Навагрудак)

Свята-Мікалаеўскі сабор і кляштар францысканцаў — сакральны комплекс. Кляштар ордэна францысканцаў існаваў у Навагрудку ўжо ў 1323 г., што вынікае з ліста князя Гедыміна да папы рымскага. Дата пабудовы драўлянага касцёла францысканцаў — 1434 г. Былыя касцёл і кляштар францысканцаў, што захаваліся да нашага часу, пабудаваны ў другой палове XVIII ст. (1780 г.) з цэглы. Фундатарам будаўніцтва быў навагрудскі падстолі Тамаш Вайніловіч. У 1831 г. кляштар скасаваны. У 1846 г. барочны касцёл быў перабудаваны і прыстасаваны пад праваслаўны сабор (Мікалаеўскую царкву).

Пасля пажару 1852 г. капітальна перабудаваны на сродкі прыхаджан. Сабор — помнік архітэктуры позняга барока, пасля перабудовы набыў элементы руска-візантыйскага стылю. Двухпрастольны (у імя Свяціцеля і Міколы Цудатворца і святой вялікапакутніцы царыцы Аляксандры). Прамавугольны ў плане будынак пераходзіць у трохгранную апсіду. Галоўны фасад трох’ярусны: два ніжнія ярусы вылучаны шырокімі прафіляванымі карнізнымі паяскамі. У цэнтры першага яруса галоўны ўваход, фланкіраваны спаранымі пілястрамі, абапал якіх размешчаны неглыбокія нішы. У цэнтры другога яруса над галоўным уваходам высокае паўцыркульнае акно, таксама абрамленае пілястрамі. Трэці ярус – невысокая вежа-званіца з арачнымі праёмамі – завершаны невысокім купалам на васьмігранным барабане. Сцены бакавых фасадаў прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі, размешчанымі ў два ярусы.

Дзве пары слупоў падзяляюць унутранную прастору на тры нефы, бакавыя перакрыты крыжовымі скляпеннямі, цэнтральны – цыліндрычнымі з распалубкамі. У тоўшчы сцяны галоўнага фасада размешчаны дзве вітыя лесвіцы, якія вядуць на званіцу. Вокны галоўнага фасада (з паўцыркульным і арачным завяршэннем) зашклёныя вітражамі.

У другой палове XIX ст. створаны драўляны двух’ярусны ў 13 абразоў іканастас, на белым фоне якога вылучаюцца пазалочаныя элементы драўлянай разьбы (карнізы, рамы, арнамент, капітэлі). Абраз XVIII ст. “Маці Божая Адзігітрыя”.

Жылы корпус былога кляштара ўзведзены адначасова з касцёлам у стылі позняга барока. Мураванае двухпавярховае Г-падобнае ў плане збудаванне. Галоўны (усходні) падоўжаны фасад вырашаны ў простых лаканічных формах: плоская сцянарытмічна прарэзана прамавугольнымі аконнымі праёмамі, у цэнтры – дзвярны праём. Па цэнтры тарцовага паўднёвага фасада з мансардай размешчана мураваная, агароджаная падпорнай сцяной і ўмацаваная масіўным контрфорсам лесвіца, якая вядзе на другі паверх. Частка фасада пад мансардай вылучана пілястрамі. Калідор і жылыя памяшканні перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У заходняй частцы будынка некалькі пакояў з цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі.

Бібліяграфія:

1. Габрусь, Т. В. У промнях ад Вільні / Т. В. Габрусь // Мураваныя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока. – Мінск, 2001. – С. 246.

2. Комплекс былога кляштара францысканцаў // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 392.

3. Кулагін, А. М. Свята-Мікалаеўскі сабор / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. давед. / А. М. Кулагін. – Мінск, 2001. – С. 143–144.

4. Новогрудский Свято-Николаевский собор // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 399.

5. Новогрудский Свято-Николаевский собор // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 326−327.

6. Свята-Мікалаеўскі сабор і кляштар францысканцаў (Навагрудак) [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://be.wikipedia.org/wiki. — Дата доступу: 22.05.2019.

7. Татаринов, Ю. А. Францисканский костел (ныне Николаевский собор) / Ю. А. Татаринов // Города Беларуси. Гродненщина. – Минск, 2009. – С. 161−162.

8. Чарняўская, Т. І. Кляштар францысканцаў / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 263–264.

9. Чарняўская, Т. І. Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў / Т. І. Чарняўская, А. А. Ярашэвіч // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 359.

wwe wwe wwe wwe wwe