Свята-Барыса-Глебская (Каложская царква)
Свята-Барыса-Глебская (Каложская) царква – выдатны помнік старажытнарускага і візантыйскага царкоўнага дойлідства. Знаходзіцца ў Гродне на тэрыторыі былога Каложскага пасада на высокім правым беразе Нёмана, побач з Замкавай гарой. Пабудавана ў 2-й палове 12 ст. з цэглы.
Назва царквы, верагодна, звязана з імёнамі яе заснавальнікаў князёў Барыса і Глеба Усеваладавічаў. Сваё другое імя – Каложская, царква атрымала ад назвы мясцовасці, калі, як лічыцца, у 1405 годзе вялікі князь Вітаўт пасяліў каля царквы палонных калажан, жыхароў аднаго з прыгарадаў Пскова. Існуюць версіі, што назва магла пайсці ад славянскага слова Каложань, якое абазначала месца, дзе б'юць шматлікія крыніцы. Пры царкве існаваў мужчынскі манастыр, якому вялікі князь Аляксандр у 1500 г. ахвяраваў маёнтак Чэшчэўляны з-за павагі да старажытнасці прыстанка. Наступныя ахвяраванні манастыру рабіў кароль Жыгімонт I Стары ў 1508 г. і 1538 г.
Напачатку ХVII cт. храм славіўся цудатворнай іконай Божай Маці Каложскай. На працягу стагоддзяў ад абраза, які моцна шанаваўся мясцовымі жыхарамі, адбывалася мноства ацаленняў. Аднак у гады Першай сусветнай вайны цудатворны абраз Каложскай Божай Маці знік і яго месцазнаходжанне па сённяшні дзень невядома.
Царква мела тры ўваходы (цэнтральны і два бакавыя), яе вянчаў купал цыліндрычнай формы, у верхняй частцы храма былі арачныя вокны.
Вялікай небяспекай для Каложскага храма на працягу некалькіх стагоддзяў служылі войны. Царква і манастыр неаднаразова спустошваліся і аднаўляліся. Але сапраўдным бедствам для Каложы стаў Нёман, чыі воды пастаянна падмывалі пясчаную гару, на якой стаяла царква. У 1853 адбыўся першы абвал берага. Тады ў Нёман абвалілася большая частка паўднёвага фасада і частка заходняга. Наступны абвал адбыўся ў 1889 г. У канцы 19 ст. знішчаныя часткі храма былі адноўлены з дрэва, а сама царква была накрыта двухсхільным дахам з маленькім купалам.
Царква з’явілася першым помнікам, пытанне пра захаванне якой разглядалася Iмператарскай археалагічнай камісіяй у 1896 г. У 1904 г. пры Сінодзе была створана спецыяльная камісія па яе рэстаўрацыі.
У 1967 г. Каложскі храм быў абвешчаны гісторыка-археалагічным запаведнікам.
У пачатку 80-ых гадоў 20 стагоддзя пачаліся рэстаўрацыйныя работы.
Да нашыхдзён захавалася паўночная і частказаходняй сцяны, тры апсіды і два заходнія падкупальныя слупы. Храм мае памеры: даўжыня каля 21,5 м, шырыня – каля 13,5, таўшчыня сцен – 1,2м. Фасады ўпрыгожаны лапаткамі ступенчатага профілю, устаўкамі з гранітных і гнейсавых камянёў розных адценняў са шліфаванай вонкавай паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы роўнарадавай муроўкі. У верхняй частцы сцен размешчаны вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. Адметнасцю інтэр'ера з'яўляецца мноства керамічных збаноў-галаснікоў, умураваных у верхнія часткі сцен і скляпенні. У цагляную муроўку сцен фасадаў уключаны рознакаляровыя шліфаваныя камяні, якія ўтвараюць розныя геаметрычныя фігуры і крыжы. Усё гэта надае фасадам прыгажосць, стварае ўражанне інкрустацыі сцен каштоўнымі камянямі.
Праваслаўная святыня, гісторыя якой налічвае ўжо дзевяць стагоддзяў, уключана ў Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
У 1991 г. храм быў перададзены праваслаўным вернікам.
Адрас: Беларусь, г. Гродна, вул. Каложа, 6.
Рэжым працы: пн - нядз: 08:00 - 18:00.
Бібліяграфія:
1. Гродненская Борисоглебская церковь // Регионы Беларуси: энцикл.: в 7 т. / редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2014. – Т. 4, кн. 1. – С. 178.
2. [Барысаглебская (Каложская) царква] // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В.Я.Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 305–306.
3. Дорош, Н. Св. Борисо-Глебская церковь на Коложе / Н.Дорош // Правос-лавный Гродно: сб. очерков, фот., воспоминаний, духов. наследия, арх. док. об истории Гродн. Епархии / авт.–сост. Н. Дорош. – Гродно, 2000. – C. 41–48.
4. Дорош, Н. Чудотворная Коложская икона Божией Матери / Н. Дорош // Православный Гродно: сб. очерков, фот., воспоминаний, духов. наследия, арх. док. об истории Гродн. Епархии / авт.–сост. Н. Дорош. – Гродно, 2000. – C. 49–52.
5. Кулагін, А. М. Царква ў імя святых пакутнікаў Барыса і Глеба (Каложская) / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі: энцыкл. давед. / А. М. Кулагін. – Мінск, 2007. – С. 130–131.
6. Лялевіч, Я. Ад Каложы да фартоў: гістарычная спадчына Гродна: гіст.-архітэктур. энцыкл. давед. / Я. Лялевіч, I. Трусаў, А. Чарнякевіч. – Мінск: Лімарыус, 2008. – 92 с.
7.Марозава, С. В. Святыня зямлі Беларускай / C. В. Марозава // Памяць. Гродна: гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1999. – С. 56–57.
8. Рыбацкая № 6/1 – Барысаглебская (Каложская) царква // Біяграфія гарадзенскіх вуліц: ад Фартоў да Каложы / аўт.: А. Вашкевіч [і інш.]. – Гародня, 2012. – С. 269 –274.
9. Слюнчанка, В. Р. Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне: гiст.-архiтэктур. нарыс / В. Р. Слюнчанка. – Мінск: Полымя, 1992. – 63с.
10. Трусаў, А. А. Гродзенская Барысаглебская царква / А. А. Трусаў // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 166–168.
11. Трусаў, А. Гродзенская Барысаглебская царква /А. Трусаў // Энцыкла-педыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мінск,1996. – Т. 3. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – С. 124.
12. Трусов, И. Г. Борисо-Глебская Коложская церковь / И. Г. Трусов. – Грод-но: ЮрСаПринт, 2011. – 52 с.
13. Трусов, О. А. Памятники монументального зодчества Белоруссии ХI –ХVII вв. / О. А. Трусов. – Минск: Наука и техника, 1988. – 160 с.: ил.
Из содерж.: [Борисоглебская церковь]. С. 26–27, 80–81, 109, 118–119].