Свята-Мікалаеўская царква

Царква – помнік драўлянага дойлідства, размешчана ў цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1862 годзе з дрэва на бутавым цокалі былога храма. Абнесена бутавай агароджай з двух'яруснымі варотамі-званіцай без вызначанай архітэктурна-стылёвай трактоўкі. Да сярэдзіны 19 ст. антычная класіка ў праваслаўным царкоўным будаўніцтве саступіла месца рэтраспектыўна-рускаму стылю, таму ад пачатковага праекта будынка, складзенага павятовым каморнікам Станкевічам у чэрвені 1853 года ў стылі класіцызму, калонным порцікам і строгім рытмам праёмаў, засталося толькі яго прасторавая аснова: прамавугольны ў плане аб'ём, накрыты 2-схільным дахам з вальмай над алтарнай часткай, якая завершана шлемападобнай галоўкай. Порцік, які планаваўся з боку галоўнага фасада, заменены амаль квадратнай у плане 2-яруснай званіцай, завершанай 4-гранным шатром з цыбулепадобнай галоўкай. Захаваліся асобныя кампаненты класіцызму: высокія прастакутныя аконныя праёмы, дэкараваныя фігурнымі сандрыкамі, куты, аздобленыя імітаванымі пілястрамі, арнаментальная разьба ў дэкоры франтона.

У інтэр'еры 8 драўляных калон дзеляць аб'ём храма на 3 нефы. Перакрыццё драўлянае, плоскае. Алтарная частка адгарождана ад асноўнага аб’ёму іканастасам. Хоры з драўлянай балюстрадай.

Адрас: Гродзенская вобласць, Гродзенскі раён, в. Лаша.

Бібліяграфія:

1. д. Лаша, Гроденский район, церковь Святого Николая [Электронный ресурс] // Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. – Режим доступа: http://www.gants-region.info/publ/1-1-0-40. – Дата доступа: 29.11.2018.

2. Кулагін, А. М. Свята-Мікалаеўская царква / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2001. – С. 112.

3. Кулагін, А. М. Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін. – Мінск, 2007. – С. 222.

4. Свято-Николаевская церковь в д. Лаша [Электронный ресурс] // Гродненский районный исполнительный комитет. – Режим доступа: https://grodnorik.gov.by/ru/lasha/. – Дата доступа: 29.11.2018.

5. Храм Святителя Николая Чудотворца д. Лаша [Электронный ресурс] // Гродненская епархия Белорусской Православной Церкви. – Режим доступа: http://orthos.org/eparhiya/blagochiniya-i-hramy/skidelskoe/lasha. – Дата доступа: 29.11.2018.

wwe wwe wwe wwe