Свята-Раства-Багародзіцкі жаночы манастыр
Помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1720 – 1751 гг. у цэнтральнай частцы Гродна на месцы сярэдневяковага пасада замест згарэлага драў-лянага манастыра. Комплекс уключае мураваную царкву Раства Багародзіцы, манастырскі корпус, капліцу і рэшткі Прачысценскай царквы 12 стагоддзя.
Царква Раства Багародзіцы — крыжова-купальны трохнефавы двухвежавы храм. Помнік архітэктуры пераходнага стылю ад барока да класіцызму. У сілуэце дамінуе купал на васьмігранным светлавым барабане з цыбулепа-добнай галоўкай. Кампазіцыя галоўнага фасада трохчасткавая, характары-зуецца стрыманай архітэктурнай пластыкай. Унутры перакрытыя цыліндрыч-нымі скляпеннямі крылы трансепта, прытвор і апсіда на ўсю вышыню адкрыты ў падкупальную прастору. Пры ўваходзе з боку алтара праходзяць дзве вінтавыя лесвіцы, у паўночным крыле трансепта праходзяць кансольныя хоры, звязаныя з другім паверхам жылога корпуса. У інтэр’еры прыгожы іканастас.
Жылы манаскі корпус — двухпавярховы будынак, прыбудаваны працяглым крылом да галоўнага фасада. Часткова агінае апсіду, што стварае невялікі адкрыты дворык. Капліца прыбудавана да ўсходнягя тарца жылога корпуса ў 19 ст. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём у стылі класіцызму. Гаспадарчы корпус пабудаваны ў 1891 г. з цэглы. Размешчаны ва ўсходняй частцы комплексу.
Прачысценская царква была пабудавана ў 12 ст. і адносіцца да гродзенскай архітэктурнай школы. Пры яе пабудове ў муроўку з плінфы былі ўведзены шліфаваныя камяні, а таксама былі выкарыстаны галаснікі і паліваная плітка.
Жаночы базільянскі ўніяцкі манастыр узнік пры Прачысценскай царкве каля 1633 г. Пачатак манастыра звязаны з прыездам з Вільні ігумені Васілісы Сапежанкі, дачкі віленскага ваяводы, і чатырох манашак, якія з дазволу мітрапаліта часова пасяліліся пры Саборнай Прачысценскай царкве. Прыблізна ў гэты час для іх былі выкуплены прылягаючыя да храма надзелы зямлі. У выніку ваенных дзеянняў 1654-1667 гг. з царквы былі забраны ці знішчаны архіў, званы, усё ўнутранае ўбранне, забіты святары. Падчас пажара 1654 г. царква згарэла і на яе месцы была пабудавана новая, драўляная.
У 1720 г. на тэрыторыі манастыра ізноў адбыўся пажар: згарэў храм і келлі. У гэтым жа годзе ўніяцкі мітрапаліт Леў Кішка знайшоў грошы на аднаўленне манастыра. Аўтарам праекта быў адзін з самых таленавітых архітэктараў Рэчы Паспалітай таго часу — Іосіф Фантана III. У 1720 –1726 гг. на месцы Прачыс-ценскай царквы быў пабудаваны каменны храм Раства Багародзіцы, у 1726 –1751 гг. жылы корпус манастыра. У 1860-я гг. (па іншых звестках — у 1848 г.) была прыбудавана “цёплая” царква св. Сергія Раданежскага і двухпавярховы гаспадарчы корпус.
У 1843 г., пасля скасавання ўніі, манастыр і царква Раства Багародзіцы былі перададзены праваслаўнай царкве. Напачатку 20 ст. праваслаўны жаночы манастыр быў даволі квітнеючым цэнтрам праваслаўя.
Царква Раства Багародзіцы моцна пацярпела падчас ваенных дзеянняў восенню 1915 г. і да 1923 г. заставалася неадрамантаванай. Адноўлена ў 1929 г. У 1958 г. жаночы манастыр быў зачынены, а манахіні выселены ў Жыровіцкую абіцель.
У 1976 г. комплекс быў перададзены Рэспубліканскаму музею атэізма (пазней — гісторыі атэізма і рэлігіі).
У 1992 г. рашэннем Гродзенскага аблвыканкама храм і кляштарныя будынкі былі перададзены праваслаўнаму жаночаму манастыру.
Адрас: Беларусь, г. Гродна, вул. Давыда Гарадзенскага, 3.
Сайт: http://obitel-grodno.by/
Бібліяграфія:
1. Алісейчык, У. В. Гродзенскі манастыр базыльянак / У. В. Алісейчык, Г. П. Жаровіна // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / рэдкал.: А. М. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 179–180.
2. [Ансамбль былога манастыра базыльянак] // Дзяржаўны спіс гісторыка–культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 309.
3. Гродненский монастырь базилианок // Регионы Беларуси: энцикл.: в 7 т. / редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2014. – Т. 4, кн. 1. – С. 235–236.
4. Гродненский Свято-Рождество-Богородичский женский монастырь / [авт.–сост. игумения Гавриила (Глухова)]. – 2-е изд. испр. и доп. – М., 2007. – 154 с.
5. Гродненский Свято-Рождество-Богородичский женский монастырь / [авт.–сост. игумения Гавриила (Глухова)]. – М., 1999. – 114 с.
6. Иушина, О. В. Гродненская архитектурная школа XII века / О. В. Иушина // Гродна і гродзенцы: дзевяць стагоддзяў гісторыі: матэрыялы Міжнар. навук. канф., 10–11 крас. 2008 г. / навук. рэд. І. П. Крэнь. – Гродна, 2008. – С. 138—143. Из содерж.: [Пречистинская церковь]. С. 140–141.
7. Карнілава, Л. Гродзенскі манастыр базыльянак / Л. Карнілава, Г. П. Жаровіна // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1997. – Т. 5. – С. 435–436.
8. Кулагін, А. М. Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы і жаночы манастыр / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі: энцыкл. давед. / А. М. Кулагін. – 2007. – С. 128–129.
9. Слюнькова, И. Н. Монастыри восточной и западной традиций: наследие архитектуры Беларуси / И. Н. Слюнькова. – М.: Прогресс–Традиция, 2002. – 600 с. Из содерж.: [Гродненский монастырь базилианок]. С. 410–411, 452–454.