Свята-Троіцкі касцёл
Помнік драўлянага дойлідства з элементамі барока. Пабудаваны ў 1740 г., у 1798-99 гг. выкананы дэкор інтэр’ера.
Да прамавугольнага ў плане асноўнага аб’ёму прымыкаюць пяцігранная апсіда з сакрысціямі з усходу, бабінец і дзве вуглавыя вежы з захаду (завяршэнні вежаў не захаваліся). Сцены ашаляваныя і ўмацаваныя вертыкальнымі сцяжкамі. Асноўны аб’ём і апсіда накрытыя адным двухсхільным дахам з вальмамі над апсідай. Галоўны фасад завершаны высокім франтонам з вежачкай.
Інтэр’ер мае выцягнутую па падоўжнай восі кампазіцыю – бабінец, прамавугольная зала, глыбокая пяцігранная апсіда. Хоры з арганам адкрытыя ў залу паўцыркульным праёмам. Тры разныя алтары з драўлянай скульптурай выкананы ў традыцыях барока. Найбольш багата аформлены трох’ярусны галоўны алтар (у апсідзе). Невысокі першы ярус алтара дэкарыраваны накладной пазалочанай разьбой расліннага арнаменту. Бакавыя алтары ўпрыгожаны паліхромнай і пазалочанай скульптурай, накладной разьбой. Сцены дэкарыаваны фрызам, арнаментальным сюжэтным жывапісам, выкананым у тэхніцы грызайль.
Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Адрас: Гродзенская вобласць, Мастоўскі раён, в. Плябанаўцы.
Бібліяграфія:
1. Кулагін, А. М. Касцёл найсвяцейшай Троіцы / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 347.
2. Марціноўская, Т. Маўклівыя сведкі мінулых падзей / Т. Марціноўская // Зара над Нёманам (Мастоўскі раён). – 2010. – 3 крас. – С. 2.
3. Свята-Троіцкі касцёл // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 390.
4. Струбницкий костел пресвятой Троицы // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 559.
5. Струбницкий костел пресвятой Троицы // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 344–345.
6. Струбніцкі Троіцкі касцёл // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 462.
7. Шыдлоўскі, А. Касцёл найсвяцейшай Троіцы ў в. Струбніца / Антон Шыдлоўскі // Слова Жыцця (Гродна). – 2011. – 11 снеж. – С. 2.