Свята-Уладзімірская царква

Свята-Уладзімірская царква − помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1896 годзе з цэглы. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з 4 частак: 2-яруснай званіцы, прамавугольных у плане трапезнай і малітоўнай залы, 5-граннай апсіды. Асноўны аб’ём накрыты пакатым 4-схільным дахам, завершана шатром з макаўкай. У дэкаратыўным аздабленні прасочваюцца формы маскоўскага дойлідства 17 ст.: кілепадобныя франтончыкі на бакавых фасадах, вуглавыя калонкі, ліштвы акон, шматлікія прафіліроўкі, арачныя нішы, закамары. Сцены прарэзаны арачнымі і лучковымі аконнымі праёмамі, апяразаны зубчастым поясам.

Архітэктура інтэр’ера вытрымана ў простых сціплых формах. Унутраная прастора перакрыта плоскай столлю.

Храм быў узведзены на ахвяраванні і сродкі маскоўскага купца П. Бірукова, земскага губернскага збора і Св. Сінода. У сувязі з недахопам сродкаў, Гродзенскае ўезднае аддзяленне стала хадатайнічаць аб дазваленні пачаць сбор міластыні на будаўніцтва. Ахвяраванні для храма паступалі не толькі грашыма, але і прадметамі культу: падсвечнікі, кадзіла накладнога срэбра, чаша з крапілам, святые Крыж і Евангелле ў футляры для малебнаў, мірніца, напрастольная даразахоўніца, напрастольны срэбны пазалочаны крыж, абраз Раства Хрыстова да ахвярніка і іншае. Сборам ахвяр займаўся айцец Аляксандр Някрасаў. Будаўніцтва пачалося адразу пасля таго, як былі сабраны грошы.

29 снежня 1896 года епіскап Брэсцкі прэасвяшчэнны Іосіф асвяціў пабудаваны храм-школу ў гонар Раўнаапостальнага князя Уладзіміра. У першай палове 1896 г. маскоўскім мастаком Д. Струкавым быў зроблены іканастас з выявамі святых князя Уладзіміра, абразамі княгіні Вольгі, князёў Барыса і Глеба, святога пакутніка Афанасія Брэсцкага, святых Кірыла і Мяфодзія, віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія. Каля царскай брамы быў змешчаны абраз Маці Боскай Іверскай. А паколькі храм павінен быў выконваць і адукацыйныя функцыі, 31 жніўня 1903 года адбылося асвячэнне будынка царкоўнапрыходскай школы пры царкве.Частка будынка царквы была прыстасавана для класаў. Непадалёк меркавалася пабудаваць жылое памяшканне для кватэр настаўнікаў.

У 1915 годзе з храма былі вывезены ўсе каштоўныя рэчы і нават іканастас.

У 20 – 30-я гады царква была перабудавана ўнутры. З храма былі прыбраны памяшканні класаў. Дзякуючы гэтым пераўтварэнням была павялічана плошча прытвора царквы. І менавіта ў гэты час іканастас Струкава быў заменены на іншы.

У сярэдзіне 60-х гадоў ХХ ст. Уладзімірская царква ледзь не папоўніла спіс знішчаных храмаў горада. Тэрыторыю царквы пачалі скарачаць і забудоўваць. Побач з ёю пачалі з’яўляцца цэхі шклозавода, завода карданных валаў. Каля храма быў пабудаваны насып для аўтамабільнай дарогі. Каб адстаяць свой храм, вернікі звярталіся нават у ЦК КПСС.

За доўгія гады свайго існавання і амаль поўнай адсутнасці рамонту будынак храма моцна састарэў. Страціла апору і пачала завальвацца званніца. Моцна пацярпела кладка сцен, драўляныя бэлькі даху, падлога, страха згнілі у многіх месцах, пачала разбурацца цагляная арка над алтаром. Прыйшлі ў непрыгодны стан рамы і дзверы. Каб не дапусціць далейшага разбурэння будынка царквы, было вырашана пачаць рамонтна-аднаўленчыя работы.

Адноўлены храм ўпрыгожваўся абразамі. Многія з іх былі напісаны не так даўно, але ёсць і тыя, што датуюцца прыкладна годам заснавання царквы. З таго часу ўцалеў цудатворны абраз «Маці Божая Смаленская» (1839).

У 2010 годзе ў Свята-Уладзімірскай царкве з’явіліся званы.

Пры Свята-Уладзімірскай царкве працуе Нядзельная школа, мастацкая студыя, гурток бісерапляцення, літаратурна-тэатральны гурток і гурток англійскай мовы. У 2003 годзе ўтвораны Праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб “Віцязь”.

15 студзеня 2017 г. Свята-Уладзімірскай царкве споўнілася 120 гадоў.

Адрас: Беларусь, г. Гродна, вул. Пабеды, 5.

Бібліяграфія:

1. Афанасьева, Т. Ю. История основания Занеманской Свято-Владимирской церкви в Гродно / Т. Ю. Афанасьева // Гродненские епархиальные ведомости. – 2000. – № 9. – С. 17.

2. Гродненская Владимирская церковь // Регионы Беларуси: энцикл.: в 7 т.: Гродненская область: в 2 кн. – Минск, 2014. – Т. 4, кн. 1 / редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – С. 179.

3. Гродненская Свято-Владимирская церковь // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 288.

4. Дорош, Н. Св. Владимирская церковь-школа в Гродно / Н. Дорош // Православный Гродно: сб. очерков, фот., воспоминаний, духов. наследия, арх. док. об истории Гродн. Епархии / авт.-сост. Н. Дорош. – Гродно, 2000. – C. 23–27.

5. Кулагін, А. М. Уладзімірская царква / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Мар-цэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 81.

6. Кулагін, А. М. Царква ў імя святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі: энцыкл. давед. / А. М. Кулагін; маст. З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск, 2007. – С. 129–130.

7. Лаўрэцкі, Г. А. Гродзенская Уладзімірская царква / Г. А. Лаўрэцкі // Архі-тэктура Беларусі: энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 170.

8. Перамогі № 5 – Свята-Уладзімірская царква-школа // Біяграфія гарадзенскіх вуліц: ад Фартоў да Каложы / аўт.: А. Вашкевіч [і інш.]. – Гародня, 2012. – С. 260–261.

9. Романчук, А. К 100-летию церкви во имя святого равноопостального великого князя Владимира в г. Гродно (Занеманской) / А. К. Романчук // Гродненские епархиальные ведомости. – 1996. – № 5-6. – С. 3–7.

10. [Свята-Уладзімірская царква] // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 319.

11. Свято-Владимирской церкви в Гродно исполнилось 120 лет // Гродненские епархиальные ведомости. – 2017. – № 2. – С. 6.

12. Трусов, И. В. Владимирская церковь / И. В. Трусов // Православные храмы Гродно: краткий очерк истории / И. В. Трусов. – Гродно, 2007. – С. 84–86.

13. Хоміч, І. Гісторыя Свята-Уладзімірскай царквы горада Гродна [электронный ресурс] / I. Хоміч // Гродненская епархия. – Режим доступа: http://orthos.org/biblio/publication/gistorya-uladzimirskay-carkvy. – Дата доступа: 25.05.2017

wwe wwe wwe wwe