Троіцкі касцёл

У паўночна-заходняй частцы вёскі. Пабудаваны ў 1755–58 гг. з цэглы па фундацыі гродзенскага харунжага Язэпа Валы на месцы драўлянага храма 1670–78 гг. Побач з касцёлам у 19 ст. з цэглы ўзведзена аднаярусная чатырохгранная шатровая званіца.

Помнік архітэктуры позняга барока. Храм аднанефавы, двухвежавы з пяціграннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Архітэктурная кампазіцыя мае выцягнутую па вертыкалі аб'ёмную будову з геаметрычна выразных вялікіх мас. Вузкую цэнтральную плоскасць галоўнага фасада завяршае фігурны франтон, фланкіруюць чатырохгранныя вежы, ярусы якіх вылучаны карнізамі, расчлянёны прамавугольнымі панэлямі, прарэзаны лучковымі і паўцыркульнымі прасветамі. Плоскасныя бакавыя фасады завершаны карнізам і расчлянёны двума ярусамі лучковых аконных праёмаў.

Малітоўная зала выцягнута па падоўжнай восі і разам з апсідай перакрыта драўляным лучковым скляпеннем, якое замяніла ранейшае мураванае. Сцены крапаваны тонкімі падвойнымі лапаткамі і апяразаны шырокім карнізам. Над нартэксам хоры. Тры алтары і амбон выкананы ў стылі ракако. Галоўны алтар – асноўны пластыка-дэкаратыўны акцэнт афармлення інтэр'ера – займае ўсе 3 сцяны апсіды. Яго першы ярус устаноўлены на высокім цокалі, падзелены карынфскай каланадай на 3 часткі, аддзелены ад другога яруса хвалепадобным антаблементам з ляпным дэкорам, у цэнтры вялікі абраз «Святая сям'я», злева – «Св. Пётр», справа – «Хрышчэнне». У цэнтры другога яруса круглая люкарна, па баках жывапісныя панэлі, дэкаратыўныя вазы і выявы анёлаў. Два бакавыя алтары святой Ганны і Маці Божай Вастрабрамскай меншыя, увенчаны скульптурнымі выявамі святых Францішка і Варвары сярод анёлаў і ракайльных звіваў. Пабудаваны яны ў выглядзе пласцін, расчлянёных на два ярусы тонкапрафіляванымі і раскрапаванымі антаблементамі, фланкіраваны калонамі, капітэлі якіх з'яўляюцца пастаментамі для пуцці. Асноўны лейтматыў арнаментальна-пластычнай кампазіцыі алтароў – бясконцыя раскрапоўкі, звівы, дробныя, ювелірна вытанчаныя арнаментальныя клубкі з мудрагелістым узорам. На правай сцяне ляпная экспрэсіўная, дынамічная гарэльефная кампазіцыя «Архангел Міхаіл, які топча д'ябла» – шэдэўр мастацтва ракако. Высокамастацкім дэкаратыўна-скульптурным творам з'яўляецца амбон. Яго кафедра – пластычная чаша, падтрыманая кансоллю-ракавінай. Ракайльныя панэлі на яе гранях запоўнены ляпнымі кампазіцыямі на евангельскія тэмы. Кафедру ажыўляюць выявы дэльфіна, марскога льва, арла ў пене звіваў і ракайляў. Праз спрошчаную фігурную панэль кафедра аб'яднана з балдахінам, завершаным экспрэсіўнай кампазіцыяй з выявай святой з крыжом і пуцці. Размах і насычанасць скульптурнага і ляпнога дэкору эфектна кантрастуюць з лаканізмам архітэктурных плоскасцей інтэр'ера.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 88 ад 28.08.2003).

Адрас: Гродзенская вобласць, Шчучынскі раён, в. Ішчална.

Бібліяграфія:

1. Бібікава, А. Сведка сівых стагоддзяў / Ала Бібікава // Милицейский вестник. – 2008. – 17 июля. – С. 21.

2. Ищелянский костел Пресвятой Троицы // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 231.

3. Ішчалінаўскі Троіцкі касцёл // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 231.

4. Ішчалнаўскі Троіцкі касцёл // Беларуская энцыклапедыя: ў 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1998. − Т. 7. – С. 370–371.

5. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў в. Ішчална // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2001. – С. 481–483.

6. Кулагін, А. М. Касцёл Найсвяцейшай Троіцы / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 166.

7. Кулагін, А. М. Касцёл Прасвятой Тройцы / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2000. – С. 74–75.

8. Михайлик, Л. Костел в Ищелно / Л. Михайлик // Милосердие (Гродно). – 1997. – № 2. – С. 29, 31.

9. Троіцкі касцёл // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 436.

10. Троіцкі касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 346.

wwe wwe wwe wwe wwe