Свята-Пакроўскі кафедральны сабор

Знаходзіцца ў старой гістарычнай частцы горада Гродна (вул. Ажэшкі,23). Пабудаваны ў 1904—05 гг. ва ўшанаванне памяці афіцэраў і ніжніх чыноў 26-й артылерыйскай брыгады і іншых фарміраванняў расійскай арміі, якія загінулі ў руска-японскую вайну 1904—05 гг. Аўтар праекта храма архітэктар М. Прозараў, будаўніцтвам кіраваў гродзенскі ваенны капітан-інжынер Іван Еўграфавіч Савельеў (1861-1951). Асвечаны З0 верасня 1907 г. ў гонар Пакрова Прасвятой Маці Божай. Доўгі час сабор служыў гарнізоннай царквой. Пасля ўвахода Гродна ў склад Польскай дзяржавы Пакроўскі сабор, як самы вялікі, атрымаў статус кафедральнага.

Будынак храма пабудаваны ў псеўдарускім стылі, базілікавага тыпу. Мае тры нефа і адну апсіду. Галоўны фасад храма сіметрычны, яго вянчае званіца. Яна ўзвышаецца на 10 метраў і ўяўляе сабой васьмісценнік з макаўкай.

Архітэктура храма мае насычанае дэкаратыўнае ўбранне, запазычанае са старажытнарускага царкоўнага дойлідства — какошнікі, шырынкі, вітыя калонкі, магутныя сандрыкі, кілепадобныя броўкі арачных аконных праёмаў. Унутрананнае памяшканне храма падзелена двума радамі калон (па шэсць у кожным радзе, з аркамі) на тры нефы: сярэні і два бакавыя. Столь плоская з маляўнічымі плафонамі, размаляванымі арнаментам у выглядзе старажытнарускай тэкставай вязі. Уздоўж сцяны пад вокнамі праходзіць магутны карніз з сухарыкамі. Разны драўляны алтар, размалёўка сцен у рымска-візантыйскім стылі надаюць інтэр’еру багаты выгляд. Падлога кафляная з арнаментальным малюнкам.

Адной з святынь храма з’яўляецца абраз «Казанская Маці Божая», з якой звязана цікавая гісторыя. Распавядаюць, што ў часы Першай сусветнай вайны святыню хацелі вывезці далёка за межы Беларусі, але яе не ўдалося нават пасунуць з месца. Акрамя таго, у храме захоўваюцца мошчы пакутніка-дзіцяці Гаўрыіла Заблудаўскага і копія святыні беларускага народа − крыжа Еўфрасінні Полацкай. А таксама абразы 19 ст.: «Аляксандр Неўскі і святая пакутніца», «Маці Божая Адзігітрыя», «Бог Саваоф», «Бог Саваоф і анёлы», «Сашэсце Святога Духа», «Святая Прамудрасць сатвары сабе дом», «Уваскрэсенне», цудатворны абраз Міколы Цудатворца і шмат іншых. Маюцца таксама частачкі ад крыжа Гасподня і камень з Гроба Гасподня, змешчаныя ў іконе Беларускіх Святых.

На сценах пры ўваходзе захаваліся дзве мемарыяльныя дошкі з пералікам палкоў і колькасці вайскоўцаў, якія загінулі ў руска-японскай вайне.

Напрыканцы снежня 1993 г. традыцыя памінання загінуўшых воінаў у саборных сценах, якая склалася яшчэ ў царскія часы, была працягнута − у саборы адбылося ўрачыстае асвячэнне і адкрыццё новай мемарыяльнай дошкі ў памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі ў Афганістане ў 1979-1989 гг.

На свята святой раўнаапостальнай княгіні Вольгі 24 ліпеня 1995 г. у саборы адбылася вялікая урачыстасць з удзелам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Аляксія II. Уладыка заклаў у сцяну царквы капсулу з Патрыяршай Граматай. Напярэдадні свайго стагоддзя храм перажыў капітальны рамонт, які дазволіў будынку цалкам заслужана несці званне адной з найпрыгажэйшых славутасцей горада. У 2010 годзе паблізу ад Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора ўстаноўлена кампазіцыя “Пакроў Прасвятой Багародзіцы” беларускага мастака Уладзіміра Панцялеева.

Храм унесены ў Дзярж. спіс гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сабор дзейнічае.

Адрас: Беларусь, г. Гродна, вул. Э. Ажэшкі, 23.

Рэжым працы: пн - сб: 08:30 - 18:00; вск: 07:00 - 18:00.

Бібліяграфія:

1. Гродзенскі кафедральны Пакроўскі сабор // Культура Беларусі: энцыкл. / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш]. − Мінск, 2012. − Т. 3. − С. 230−231.

2. Гродненский Свято-Покровский кафедральный собор // Туристские регионы Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 293.

3. Гродненский Свято-Покровский кафедральный собор // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]: под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 162.

4. [Дом № 23. Кафедральны сабор у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы] // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. А. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 307.

5. Кояло, И. История Свято-Покровского собора города Гродно в синодальный период: [1900 − 1915 гг.] / Иоанн Кояло // Гродненские епархиальные ведомости. − 2017. − № 3. − С. 8−9.

6. Кулагін, А. М. Свята-Пакроўскі кафедральны сабор / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі: энцыкл. давед. / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. − Мінск, 2001. − С. 63.

7. Пятросава, А. Ю. Гродзенская Пакроўская царква / А. Ю. Пятросава // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. − Мінск, 1993. − С. 169−170.

8. Пятросава, А. Ю. Гродзенская Пакроўская царква / А. Ю. Пятросава / А. Ю. Пятросава // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш]. − Мінск, 1997. − Т. 5. − С. 428.

9. Стурэйка, С. А. Беларускія губерніі ў руска-японская вайне (1904-1905 гг.). Гродзенскі Свята-Пакроўскі Кафедральны сабор - помнік загінуўшым воінам / Сцяпан Стурэйка; пад рэд. У. І. Медзяніка. − Мінск : ЮНІПАК, 2007. − 120 с.

10. Трусов, И. Гарнизонные, полковые и лагерные церкви в Гродно в 1803−1915 годах / Игорь Трусов // Часовни, домовые и военные церкви в Гродно: крат. истор. очерк. 1803−1915 гг. / И. Трусов. − Гродно, 2011. − С. 31−37.

11. Чарапіца, В. М. Гродзенскі Свята-Пакроўскі сабор − храм-помнік / В. М. Чарапіца // Памяць: гіст.-дакум. хроніка горада Гродна. − Мінск, 1999. − С. 698−700.

12. Черепица, В. Н. “В молениях о погибших воинах…”: Гродненский Свято-Покровский храм-памятник / В. Н. Черепица // Очерки истории Православной Церкви на Гродненщине (с древнейших времен до наших дней) / В. Н. Черепица. − Гродно, 1999. − Ч. 1. − С. 59−67.

13. Черепица, В. Н. “Гродненский Свято-Покровский храм был его любимым детищем …”: военный инженер-строитель Иван Евграфович Савельев (1866-1951) / В. Н. Черепица // Гродненский Православный некрополь (с древнейших времен до начала ХХ века) / В. Н. Черепица. − Гродно, 2001. − С. 180−185.

14. Свято-Покровский собор // pokrovgrodno.org/ru

wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe