Будынак былога манежа — тэатр Тызенгаўза

Помнік архітэктуры канца XVIII стагоддзя. Трохпавярховы будынак з высокім руставаным цокалем, накрыты вальмавым дахам знаходзіцца па вуліцы Дзяржынскага № 1. Быў закладзены ў 70-я гады XVIII стагоддзя вядомымі архітэктарамі Іаганам Мёзерам і Джузепэ дэ Сака і ўваходзіў у архітэктурна-горадабудаўнічы комплекс «Гарадніца», узведзены па ініцыятыве гродзенскага старасты — графа Антонія Тызенгаўза. Прызначаўся для каралеўскага манежа. Назва “Манеж” у дачыненні да гэтага аб’екта, якая часамі ўжываецца ў літаратуры, непраўдзівая, бо “Манеж”, дзе адбываліся спектаклі ў часы Тызенгаўза, размяшчаўся далей на поўнач.

Будынак мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Сцены атынкаваныя, завершаны карнізам з сухарыкамі. Галоўны фасад вырашаны асіметрычна. Дэкарыраваны трохвугольным франтонам, лапаткамі, прамымі і трохвугольнымі надаконнымі сандрыкамі, цягай. Вокны высокія. На ўзроўні трэцяга паверха дэкаратыўныя люкарны. Над уваходам у левым крыле размешчаны вялікі балкон на чатырох калонах. Правая частка будынка – кубічны аб’ем сцэнічнай каробкі. Глядзельная зала на ўзроўні першага і другога паверхаў асвятляецца з аднага боку натуральным святлом. На балкон вядуць дзве лесвіцы: бакавая з партэра і запасная з фае.

У гэтым будынку у 1778–1780 г.г. працаваў тэатр Тызенгаўза. У 1802–1809 г.г – тэатр знакамітай жанчыны-антрэпрэнёра, польскай актрысы драмы і оперы – Саламеі Дэшнер. У рэпертуары былі французскія камічныя оперы і італьянская опера-буфа, музычна-сцэнічныя пастаноўкі польскіх кампазітараў, драматычныя творы.

У выніку рэфармавання тэатральнай дзейнасці ў 1846–1854 г.г. там размяшчаўся пастаянны дырэкцыйны руска-польскі тэатр. У канцы 1850-х гадоў будынак падвергнуўся рэканструкцыі, быў пашыраны. Яго рамантавалі і перабудоўвалі на працягу ўсяго ХIХ cт.

У перыяд з 1928 па 1939 гады тут дзейнічаў польскі тэатр імя Э. Ажэшкі. У 1940-м адбылася надбудова трэцяга паверху, дзякуючы чаму істотна павялічылася змяшчальнасць залы. На працягу 1940–1941 гадоў у будынку размясціўся Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. Першыя пасляваенныя гады сваю дзейнасць ажыццяўляў Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР.

Пачынаючы з 1947 года будынак належаў драматычнаму тэатру. Яшчэ адну рэканструкцыю будынак перажыў у 1975 годзе, калі зноў адбылося пашырэнне залы і сцэны.

З 1984 года па цяперашні час тут размяшчаецца тэатр лялек.

У нашы дні тэатральны будынак па праву можна лічыць адной з важных гарадскіх славутасцяў, якую абавязкова варта ўбачыць, наведваючы абласны цэнтр.

Адрас: Беларусь, г.Гродна, вул. Дзяржынскага, 1/1.

Рэжым працы: пн: вых.; вт - пт: 12:00 - 19:00; сб - вск: 9:30 -14:00

Сайт: http://www.grodnolyalka.by/

Бібліяграфія:

1. [Будынак былога манежа] // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В.Я.Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 310.

2. Гісторыя беларускага тэатра: у 3 т. Т.1: Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г. / рэдкал.: У. І. Няфёд (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Навука і тэхніка, 1983. – 496 с.: іл.

Са зместу: [Тэатр С. Дэшнер]. С. 229–230.

3. Гродненский областной театр кукол // Регионы Беларуси: энцикл.: в 7 т.: Гродненская область: в 2 кн. – Минск, 2014. – Т. 4, кн. 1 / редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – С. 243–245.

4. Дзяржынскага № 1 – “Манеж”, гродзенскія тэатры // Біяграфія гарадзенскіх вуліц: ад Фартоў да Каложы / аўт.: А. Вашкевіч [і інш.]. – Гародня, 2012. – С. 111–112.

5.Мостовская, Т. Как манеж стал домом для кукол и кукольников / Татьяна Мостовская // Гродзенская праўда. – 2015. – 17 кастрычніка. – С. 9.

6. Пятросава, А. Ю. Будынак тэатра Тызенгаўза / А. Ю. Пятросава, Э. М. Савіцкі, Г. І. Барышаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 49–50.

7. Пятросава, А. Ю. Гродзенскі тэатр Тызенгаўза / А. Ю. Пятросава // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мінск, 1997. – Т. 5. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – С. 439.

8. Саяпин, В. Ю. 50 гродненских улиц: прогулка по времени / В. Ю. Саяпин. – Гродно: ЮрСаПринт, 2015. – 326 с.

Из содерж.: [Гродненский областной театр кукол]. С. 309.

9. Сільверстава, С. Я. Гродзенскага тэатра Тызенгаўза будынак / С. Я. Сільверстава, А. Ю. Пятросава // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 164–165.

wwe wwe wwe wwe