Дамініканскі кляштар

Дамініканскі кляштар (вул. Савецкая, 6, 8) заснаваны ў 1633 г. Першапачаткова кляштар быў драўляны. Мураваны кляштар узводзіўся ў 1708-1737 гг. Гродзенскі дамініканскі касцёл Прасвятой Панны Марыі Ружанцовай, помнік архітэктуры барока, быў адным з самых прыгожых у горадзе. Існаваў у 16 - канцы 19 ст. Двухвежавы касцёл знаходзіўся на месцы сучаснага сквера. Першапачаткова быў накрыты дахоўкай, у канцы 18 ст. - жалезам. Інтэр'ер касцёла аздаблялі 11 алтароў з жывапіснымі абразамі і партрэтамі яго фундатараў – Сапегаў. Побач з уязной брамай знаходзіліся пральня, бровар, калодзеж. У двары таксама размяшчаліся стайня з карэтнай, лядоўня, драўляны двухпавярховы свіран. Тэрыторыя кляштара была абнесена мураванай сцяной. Касцёл разабраны ў 1873 г., а ў 1874 г. на яго месцы разбіты сквер. ІІры кляштары існавала гімназія, скасаваная разам з кляштарам у 1833 г.

Былая мужчынская гімназія (вул. Савецкая, 6) - старэйшы будынак на вуліцы і адначасова самы працяглы. Узведзены ў 1735 г. з цэглы па праекту вядомага архітэктара айца Людзвіга Грынцэвіча. Будынак двухпавярховы, складаны ў плане, накрыты двухскатным дахам, сцены атынкаваныя. Галоўны фасад у цэнтры выдзелены рустоўкай першага паверха і завершаны трохвугольным франтонам, карніз якога падтрымліваюць дэнтыкулы. На фасадзе прафіляваны паясок размяжоўвае першы і другі паверх. Абрамлённыя вокны завершаны сандрыкамі і трохвугольнымі франтончыкамі. Бакавыя крылы раскрапаваны пілястрамі і завершаны ступенчатым атыкам.

На пачатку 19 ст. пры дамініканскім кляштары дзейнічалі: Студыум вышэйшы, гімназія, павятовая і парафіяльная школы. З 1803 г. на працягу некалькіх гадоў у дамініканскай школе выкладаў фізіку і матэматыку славуты навуковец дамінікан Фелікс Цяцерскі. За актыўны ўдзел навучэнцаў у антыдзяржаўных выступленнях дамініканскі кляштар з гімназіяй пры ім скасавалі. У 1833-1836 гг. кляштарны корпус перабудаваны пад свецкую гімназію. У ім знаходзіліся губернская мужчынская гімназія, мужчынская класічная гімназія імя генерала Тормасава. У гімназіі выкладалі мастак Я. Зянковіч і гісторык Я. Арлоўскі, вучыўся брат К. Каліноўскага — Віктар, гісторык У. Латышаў, філосаф А. Макавельскі, заснавальнік гродзенскага археалагічнага музея Ю. Ядкоўскі і інш. З 1926 г.у будынку працавала жаночая гімназія імя Э. Плятэр, мужчынская настаўніцкая семінарыя, кніжная крама. З восені 1939 г. і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны там працавала СШ № 11. У пачатку 50-х гадоў знаходзіўся каўбасны цэх мясакамбіната, затым будынак перабудавалі пад жылы дом.

Цяпер у ім знаходзіцца салон сувязі «Еўрасець», крама. На бакавой частцы будынка гродзенскім мастаком Аляксандрам Сільвановічам намалявана выява 19 курыц, з якіх ні водная не падобная на іншую. На будынку з боку помніка Сакалоўскаму ўсталявана мемарыяльная дошка Ёнасу Яблонскісу, педагогу і ўкладальніку першай літоўскай граматыкі, які ў 1912-1914 гг. выкладаў у мужчынскай гімназіі лацінскую і грэцкую мовы.

Былы кляштарны корпус (вул. Савецкая, 8) - двухпавярховы, накрыты двухсхільным дахам будынак. Сцены атынкаваныя, завершаныя карнізам. Галоўны фасад вырашаны ў стылі барока. Чляніцца лапаткамі, завершаны барочным франтонам. Будаўніцтва яго звязана з пажарам 1782 г. і неабходнасцю грунтоўнай рэканструкцыі. У 1783 г. дамінікан айцец Л. Грынцэвіч склаў праект, будаўніцтва закончылася каля 1789 г. Будынак атрымаў назву “новая дамініканская школа” або “флігель дамініканскага кляштара”.

На працягу 19 ст. ён выконваў функцыі школьнага будынка. Пасля ліквідацыі кляштара ў ім размясціўся жаночы пансіён, Марыінская жаночая гімназія. З канца 19 ст. у будынку знаходзілася гарадская ўправа, гарадское паліцэйскае ўпраўленне, арыштанцкая, сіроцкі суд. Падчас нямецкай акупацыі ў Першую сусветную вайну - казарма. З 1919 па 1941 гг. – гарадскі магістрат (у 1939-1941 гг. – гродзенскі гарвыканкам). З 1945 г. у будынку размяшчаліся рэдакцыі газет «Гродзенская праўда», армейскай газеты «Чырвоны сцяг» і чыгуначнай «Заходняя магістраль». З 1947 г. -газетны цэх абласной друкарні. З 1948 г. - партыйны кабінет абкама кампартыі, з 1949 г. - Дом народнай творчасці, Дзяржаўны ансамбль песні і танца пад кіраваннем Р. Шырмы, абласны тэатр лялек. У 1953 г. Дом афіцэраў адчыніў тут вячэрнюю школу. Па стану на 1970 г. у будынку знаходзіўся гарадскі ваенны камісарыят.

Знешні выгляд будынка мала змяніўся: знік наддашак над уваходам, засталася толькі цэнтральная частка ад балкона на мансардным паверсе, знікла ляпніна з манаграмай на франтоне, быў знішчаны металічны шпіль над фасадам. Найбольшая страта — знішчэнне барочнай брамы, якая была ўваходам на тэрыторыю комплекса.. На фасадзе размешчана мемарыяльная дошка кампазітару і паэту, ганароваму грамадзяніну г. Гродна, заслужанаму дзеячу культуры БССР А. К. Шыдлоўскаму, які жыў і працаваў у гэтым доме ў 1960-1995 гг.

Цяпер у будынку размяшчаецца ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”, Курсы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў устаноў культуры і мастацтва, універсальная чытальная зала ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка”.

Адрас: г.Гродна, вул. Савецкая, 8.

Час працы ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”: 08.30 – 17.30 (акрамя суботы, нядзелі), 13.00 – 14.00 перапынак

Web-сайт: www.gromc.by/

Бібліяграфія:

Былы кляштар дамініканцаў // Дзяржаўны спіс гісторыка–культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – C.323.

Гардзееў, Ю. На вуліцы Віленскай / Ю. Гардзееў // Биржа информации (Гродно). – 1998. – 26 марта. – С. 4.

Гродзенскі кляштар дамініканцаў // Беларуская энцыклапедыя. – Мінск, 1997. – Т. 5. – С. 433.

Заневский, С. Забытая история [здания бывшего костёла Найсвятейшей Девы Марии доминиканцев 17 в. в Гродно] // Молодёжный курьер (Гродно). – 2006. – 19 мая. – C.10.

Кулагін, А. М. Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар дамініканцаў / А. М. Кулагін // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 108.

Маліноўская, Т. Гродзенскі кляштар дамініканцаў / Т. Маліноўская // Памяць. Гродна : гіст.–дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мінск, 1999. – С. 694–696.

Маліноўская, Т. З гісторыі пабудовы і дзейнасці Гродзенскага кляштара дамініканцаў / Тацяна Маліноўская // Гарадзенскія запісы : (старонкі гісторыі і культуры). – Вып. 1. – Гародня, 1993. – С. 11–14.

Маліноўская, Т. Р. Гродзенскі кляштар дамініканцаў / Т. Р. Маліноўская // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. – Мінск, 1993. – С. 178–179.

Маліноўская, Т. Р. Перыяд Рэчы Паспалітай (1569 —1795 гг.) / Т. Р. Маліноўская // Маліноўская, Т. Р. Архітэктура горада Гродна (з X ст. да 1939 г.) : вучэб. дапам. / Т. Р. Маліноўская. – Гродна, 2005. – С. 24–47.

Са зместу: [Дамініканскі кляштар]. – С. 29–33.

Маліноўская, Т. У. Стваральнік беларускага дамініканскага барока / Маліноўская, Т. У // Этнасацыяльныя i культурныя працэсы ў заходнiм рэгiёне Беларусi: гiсторыя i сучаснасць : матэрыялы рэсп. навук. канф. – Гродна, 1998. – С. 377–380.

Савецкая № 6 // Біяграфія гарадзенскіх вуліц: ад Фартоў да Каложы / аўт.: А. Вашкевіч [і інш.]. – Гародня : Wroclaw, 2012. – С. 285–288.

Савецкая № 8 // Біяграфія гарадзенскіх вуліц: ад Фартоў да Каложы / аўт.: А. Вашкевіч [і інш.]. – Гародня : Wroclaw, 2012. – С. 289–292.

Ярашэвіч, А. Гарадзенсі кляштар дамініканцаў / Аляксандр Ярашэвіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. – Мінск, 2005. – Т. 1. – С. 502.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe