Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў

Помнік архітэктуры барока і ракако. Размешчаны ва ўсходняй частцы гістарычнага ядра Слоніма.

Мураваны касцёл пабудаваны ў 1639-1645 гг. як апорны пункт сістэмы гарадскіх абарончых збудаванняў на месцы драўлянага (закладзены ў 1630 г. каралеўскім сакратаром А. Радванам), у 1866 г. пераабсталяваны пад Свята-Троіцкую царкву.

Уяўляе сабой аднанефавы мураваны храм з выцягнутым прэсбітэрыем, сакрыстыямі і паўкруглай алтарнай апсідай, трох’яруснай вежай-званніцай пры ўваходзе. У 1668 г. і ў 1750 г. да апсіды прыбудаваны 2 бакавыя капліцы з шлемападобнымі купаламі. Сцены храма ўмацаваны контрфорсамі, прарэзаны вялікімі вокнамі. Галоўны і бакавы алтары выкананы ў стылі ракако першай паловы XVIII ст.

Кляштар (пабудаваны ў 1749 г.) – двухпавярховы мураваны будынак, сцены яго прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аздоблены пілястрамі. Планіроўка галерэйная. У калідорах і памяшканнях захаваліся крыжовыя скляпенні. Рэканструяваны архітэктарам М. Ціхвінскім пад духоўнае вучылішча. У 1920-я – 1930-я гг. выкарыстоўваўся як адміністрацыйны будынак. Зараз ў ім інтэрнат медвучылішча.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Адрас: Гродзенская вобласць, г. Слонім, вул. В. Крайняга, 23, 25.

Бібліяграфія:

1. Караткевіч, В. Б. Кляштар бернардзінцаў / В. Б. Караткевіч, А. М. Кулагін // Помнікі Слоніма / В. Б. Караткевіч, А. М. Кулагін. – Мінск, 1983. – С. 39–42.

2. Комплекс кляштара бернардзінцаў // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 410–411.

3. Кулагін, А. М. Царква ў гонар Святой Троіцы / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2007. – С. 369–371.

4. Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў (Свята-Троіцкая царква) // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Слонімскага раёна / [рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 675.

5. Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 299.

6. Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: ў 5 т. – Мінск, 1987. – Т. 5. – С. 61.

wwe wwe wwe wwe wwe